Кавалевіч атрымаў перамогу ў першым матчы на пасадзе галоўнага трэнера “Нёмана”

|

Перад матчам у гарадзенцаў у складзе адбыўся шэраг змен. Замест Анюкевiча на левым фланге сыграў Пазняк, а пару Сасноўскаму склаў Горбач. У цэнтры поля Ігар Кавалевіч выставіў Дурая і Бебе, а наперадзе выйшаў адзіны нападаючы Вяргейчык.

 

Варта адзначыць, што дадзеныя змены ў складзе пайшлі толькі на карысць жоўта-зялёным. З першых хвілін гарадзенцы гулялі ўпэўнена і ні ў чым не саступалі гаспадарам поля. З-за таго, што дзве каманды гулялі толькі на перамогу, на поле адбывалася шмат барацьбы і парушэнняў. Ужо на 13 хвіліне матчу гарадзенцы страцілі Бебе, якога вынеслі на насілках. Замест яго на поле выйшаў Кавалюк.

 

Да сярэдзіны тайма гараднецы сталі часцей пераходзіць палову поля суперніка і пры гэтым наносіць небяспечныя ўдары. Асабліва ў жоўта-зялёных добра працавалі флангі і стандартныя ўдары.

 

На 32 хвіліне чарговы штрафны ўдар скончыўся ўзяццем варот Гутара. Пасля падачы Пазняка Горбач выскачыў вышэй за ўсіх і прабіў прама ў кут варот мінчан. Галкіпер гаспадароў нават не скокнуў.

 

Пасля ўзяцця варот “Нёман” не зменшыў абароты і працягваў гуляць у свой футбол. У гаспадароў наперадзе нічога не атрымлівалася. Ужо пад заслону першай паловы Савіцкі мог падвоіць перавагу “Нёмана”, але Павел не трапіў па варотах Гутара з выгаднага становішча.

 

Другі тайм карціну гульні практычна не змяніў. Мінчане на 62 хвіліне засталіся ўдзесяцёх, але пры гэтым яны больш валодалі мячом і больш білі па варотах. На лязе атакі ў “Дынама” актыўнічаў Ягор Зубовіч, які яшчэ ў мінулым сезоне абараняў колеры “Нёмана”.

 

Быў добры шанец у гаспадароў зраўняць лік на 74 хвіліне матчу, але мяч пасля ўдару Прэмудрава трапіў у перакладзіну.

 

Ужо пад канец матчу гарадзенцы цягнулі час. Мінчане спрабавалі прабрацца да брамы Курганскага, але абаронцы “Нёмана” не давалі ім гэтага зрабіць. Так гарадзенцы і дацягнулі да канца асноўнага часу. У дадатковыя чатыры хвіліны дынамаўцы, нічога не паказаўшы, вымушаныя былі прыняць паразу.

 

Такім чынам, гарадзенскі клуб стартаваў з перамогі ў першым матчы Ігара Кавалевіча на пасадзе галоўнага трэнера “Нёмана”. Таксама варта адзначыць што жоўта-зялёныя перапынілі сваю серыю з чатырох паражэнняў запар.


“Дынама-Мінск” – “Нёман” – 0:1



Ігар Кавалевіч пасля перамогі над “Дынама” пракаментаваў гульню сваёй каманды:


“Тры дні прайшло з таго моманту, як я прыняў каманду. Зрабілі сякія-такія перастаноўкі. У мяне з хлопцамі адбылася досыць сур’ёзная размова. Асабіста я аддаў душу Гродне ў футбольным плане. Хацеў, каб хлопцы зрабілі тое ж самае – і ў іх гэта сёння атрымалася. Мы знаходзімся не ў аптымальных фізічных кандыцыях, таму я ўдзячны хлопцам, што вытрымалі ўвесь матч: пакуль усё-такі каманды хапае толькі на 60 хвілін. Дынама – вельмі арганізаваная каманда. А ўтрымаць перамогу нам, вядома, дапамагло выдаленне Габоўды”.

 

Пасля перамогі над “Дынама” у гарадзенцаў у актыве 9 ачкоў і па-ранейшаму гэта апошняе месца ў табліцы. Бліжэйшыя каманды “Нафтан” і “Белшына” маюць па 11 ачкоў.

 

Наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 26 чэрвеня, дзе будзе прымаць ФК “Слуцк”

фота fcneman.by