У Пышках плануецца апрацоўка супраць кляшчоў. Перш чым ісці ў лес – чытайце аб’явы

|

  

 

Лепшая абарона – прафілактыка


Як распавёў Тадэуш Толкач, для абароны жыхароў горада ад небяспечных насякомых, найперш кляшчоў, патрэбны нават не хімічныя сродкі, а інфармацыя. Таму на ўваходзе ва ўрочышча Пышкі вісяць добра заўважныя шыльды “Небяспечна, кляшчы”.

 

 

Яго меркаваннем, ідучы ў Пышкі на шпачыр, людзі павінны ўсведамляць, што гэта – лес, а не парк, і што для бяспечнага адпачынку людзей тут прызначаны толькі адпаведныя зоны – заасфальтаваныя сцежкі, спартыўныя і танцавальныя пляцоўкі, альтанкі на палянах. На гэтых месцах і каля двух метраў  абапал іх рэгулярна праводзіцца акос травы, што значна змяншае рызыку “злавіць” кляшча. Бо яны жывуць толькі на траве вышынёй да 50 сантыметраў. Тое, што кляшчы могуць “наскокваць з дрэваў” – байкі.

 

Пачаўся перыяд найбольшай актыўнасці кляшчоў: сустрэць іх можна і ў Гродне

 

Адпаведна, і апрацоўцы ад кляшчоў падлягае не цалкам лясны масіў, а толькі тыя зоны, што прызначаныя для адпачынку гараджан. А вызначае неабходнасць і перыядычнаць апрацоўкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

 

Норма бяспекі – палова кляшча на сцяга-кіламетр


Біёлаг гэтай установы, Жана Скубовіч расказала, што колькасць кляшчоў, пры каторай рэкамендавана праводзіць апрацоўку, гэта “0,5 экзэмпляраў на сцяга-кіламетр”. Нязвыклая адзінка вымярэння выцякае з сутнасці метаду кантроля:  адмысловым палотнішчам (“сцягам”),  працягваюць па траве на пэўнай плошчы. У залежнасці ад колькасці насякомых, што зачапіліся за  палотнішча, робіцца разлік іх колькасці на падкантрольнай тэрыторыі. Сродкі на апрацоўку зон адпачынку выдзяляюцца з гарадского бюджэта.

 

 

“Цыперметрын” і спірт аднаго поля ягады. У сэнсе – аднаго класа небяспечнасці рэчывы


Прэпарат “Цыперметрын”, што будзе выкарыстоўвацца  для апрацоўкі, прызначаны для знішчэння тараканаў, мураўёў, клапоў, блох, мух, камароў і кляшчоў. Па ўздзеянню на чалавека ён адносіцца да трэцяга класа небяспекі – рэчываў умерана шкодных. (З больш вядомых рэчываў гэтага класа можна ўзгадаць этылавы спірт). Непасрэдна ў перыяд апрацоўкі ад шпацыраў у лес лепш устрымацца. Што тычыцца іншых мераў  бяспекі, то напрацягу 40 дзен пасля апрацоўкі забаронены збор ягад на гэтых тэрыторыях.

 

 

У адносінах да насяковых актыўнасць прэпарата захоўваецца  1 – 1,5 месяца. Апрацоўку тэрыторыі праводзяць з такім разлікам, каб цягам трох дзён пасля нанясення прэпарата не было дажджу. Таму зараз  тэрміны апрацоўкі карэктуюцца з улікам актуальнага прагноза надвор’я.

 

 

Здымкі аўтаркі