Горад засынае, прачынаецца мафія: Як гуляць у мафію і перамагчы

|

“Мафія” – салонная камандная псіхалагічная пакрокавая ролевая гульня з дэтэктыўным сюжэтам. Па сюжэту, жыхары горада, знясіленыя ад разгулу мафіі, выносяць рашэнне перасаджаць у турму ўсіх мафіёзі. У адказ мафія аб’яўляе вайну да поўнага знішчэння ўсіх мірных гараджан.

 

У Гродне гульня стала развівацца 3-4 гады назад. Тады некаторыя клубы і кафэ пачалі рабіць больш закрытыя гульнятэкі з не вельмі вопытнымі гульцамі. Пазней у Гродне з’явіліся свае клубы і месцы, дзе можна пагуляць.

 

Як расказваюць арганізатары, у Гродне мафія не карыстаецца такім попытам, як у Гомелі ці ў Мінску. У нас ёсць два дзеючых клубы – цэнтр адпачынку і развіцця “Партал” і клуб “Escape”.  Клуб “Escape” больш закрыты: там гуляюць вопытныя гульцы. А клуб мафіі ў “Партале” адкрыты для навічкоў. Для параўнання: у Гомелі ёсць як мінімум чатыры клубы па мафіі.

 

 

 

Прыходзяць гуляць у мафію школьнікі старэйшых класаў, студэнты і моладзь.

 

–          Хтосьці прыходзіць, каб прымерыць маску іншай ролі. Хтосьці – каб вывучыць псіхалогію людзей, хтосьці – выгаварыцца. Камусьці проста падабаецца адгадваць, – кажа Арцём Садаўнічы, адзін з вядоўцаў гульні.

 

Арцём даў некалькі парадаў, як гуляць у мафію і перамагчы.

 

 

 

Калі вы гуляеце за мірных жыхароў

 

1. Трэба назіраць за эмоцыямі і паводзінамі кожнага гульца. Мафія прыкідваецца мірным жыхаром ў стандартных сітуацыях. Калі зрабіць нешта непрадказальнае, то з вялікай доляй верагоднасці мафія раскрые сябе.

 

 

 

2. Уважліва слухаць ўсіх гульцоў і знаходзіць сувязі паміж імі. Мафія ў сваіх маналогах альбо падтрымлівае адзін аднаго, альбо цалкам ігнаруе. Такім чынам можна вызначыць гульцоў «чорнага колеру» – мафію. Калі чалавек хлусіць, ён можа забыцца, што ён казаў. Трэба слухаць, запамінаць, і звязваць гэта са словамі іншых людзей.

 

3. Цвёрдым позіркам глядзець у вочы людзей. Звычайна мафія адводзяць вочы або пачынае запінацца.

 

Камбінаванне гэтых стратэгій дазваляе паспяхова гуляць за мірных жыхароў.

 

 

 

Калі вы гуляеце за мафію

 

Стратэгіі каманднай працы з’яўляюцца пасля набыцця вопыту і могуць выкарыстоўвацца з гульцамі, з якімі не раз гуляў па абодва бакі. Для мафіі стратэгій значна больш, чым для мірных жынароў, але ўсе яны патрабуюць ідэальнай каманднай працы ўсіх мафіёзі.

 

1.Мафія можа выганяць адзін аднаго. Часам я выходжу з гульні, ахвяруючы сабой, а сваёй размовай спрабую “выгарадзіць” сваіх людзей.

 

 

 

2. Для мафіі-адзіночкі можна даць адну параду: слухаць гульцоў і падладжвацца пад абставіны за сталом. А таксама не граць агрэсіўна і імкнуцца прыцягваць да сябе як мага менш увагі. Часцей за ўсё мірныя жыхары дзённым галасаваннем робяць усю чорную работу па ліквідацыі «чырвоных» – або мірных – гульцоў.

 

3. Калі ты сам паверыш у сваю хлусню, то і іншыя пачнуць верыць. Калі ты паверыў, што гэты чалавек – мафія, прасцей даказаць гэта іншым. А калі ў вачах напісана, што ты падманваеш, то нічога не атрымаецца.

 

 

 

Цэнтр адпачынку і развіцця “Партал” ладзіць дні адкрытых дзвярэй па асобным гульням, дзе знаёміць навічкоў з правіламі і запрашае пагуляць. Ужо прайшоў дзень усходніх гульняў і дзень мафіі. Такія мерапрыемствы плануюцца і надалей. Сачыце за абвесткамі.