Бусляняты з заапарку атрымалі “пярсцёнкі” і займелі “хроснага бацьку”
Дзмітрый Вінчэўскі (злева) і Віталь Гуменны кальцуюць буслянят
Кальцаванне птушак, як спосаб для іх уліку і вывучэння пачалі прымяняць больш за сто гадоў назад. Першыя птушкі былі пазначаны «пярсцёнкамі” у Даніі ў 1899 годзе. Зараз па ўсім свеце штогод кальцуюць 2 – 3 мільёны птушак. Традыцыйна выкарыстоўваюць металічныя кольцы, на каторых пазначаны серыя, нумар і адрас цэнтра кальцавання.
Недахоп такіх кольцаў у тым, што прачытаць інфармацыю з іх можна толькі ў выпадку калі птушка дазваляе падысці блізка, ці калі яна загінула. Таму сучасныя тэхналогіі прадугледжваюць дадатковыя кольцы з каляровага пластыку. Іх больш выразна відаць і можна ідэнтыфікаваць птушку нават здалёк ці па фотаздымку.
На Гарадзеншчынеі такая тэхналогія выкарыстоўваецца толькі тры гады. За гэты час каляровыя кольцы трымалі каля 400 птушак. Аб трох з іх ужо ёсць зваротная інфармацыя – іх бачылі на Поўдні Афрыкі і ў Егіпце.
Што да малых буслянят з заапарку, то яны зусім не супраціўляліся кальцаванню. У пэўны час падалося, што птушаняты сталі цалкам абыякавымі да таго, што з імі адбываецца. Як патлумачыў Дзмітрый Вінчэўскі, гэта іх абарончая рэакцыя – калі малыя ўсведамляюць, што змагацца няма сэнсу, то “прыкідваюцца” памерлымі, каб нападнік страціў да іх цікавасць.
Акальцаваўшы буслянят, арнітолаг сказаў, што стаў дя іх “хросным бацькам” і будзе надалей сачыць за лёсам “хрэснікаў”
Яшчэ адна асаблівасць буслянят, пра якую распавёў арнітолаг – чорны колер дзюбаў і ног. Колеравыя адрозненні птушанят характэрныя для відаў птушак, дзе самка і самец вонкава не адрозньваюцца. Калі ж самкі і самцы афарбаваны па-рознаму, то птушаняты больш падобныя на самак. Такую “ахову дзяцінства” стварыла прырода, каб папярэдзіць агрэсію на малых з боку самцоў.
Сам жа “нападнік” прысеў акурат каля гнязда птушак, што яны стварылі сабе наўпрост на зямлі, хаця звычайна буслы селяцца высока. Такія паводзіны птушак арнітолаг назваў адаптыўнымі і вымушанымі сітуацыяй – “калі гнездавацца хочацца, а выбару няма.”
Акальцаваных птушанятаў, што нарадзіліся ў заапарку, напрыканцы лета плануюць вывезці да вялікага паселішча буслоў, каб яны маглі выправіцца ў вырай разам з іншымі. Бо першы год жыцця для птушак – самы складаны. Менавіта ў гэты перыяд з нагоды адсутнасці досведу, складанасцяў пад час пералёту і пошуку месца зімоўкі гіне шмат птушак. А увогуле буслы могуць жыць каля 30 гадоў.
“Хросны бацька” буслянят трымаецца пры гняздзе не менш натуральна, чым сапраўдныя бацькі-буслы
Што да дарослых буслоў, яны увесь час назіралі за кальцаваннем наводдаль і вярнуліся да гнязда, як усе цікаўныя сышлі. Для супакаення малых бацькі прапанавалі ім “заесці стрэс”. Як распавёў намеснік дырэктара заапарка Віталь Гуменны, буслы тут харчуюцца кавалкамі рыбы і мяса, каторыя ловяць дзюбамі з вады.
Рацыон буслоў у заапарку – рэзанае мяса і рыба. Дарослыя птушкі ловяць іх дзюбамі з вады і кормяць малых
Патранат над бусламі ў заапарку трымае прадпрыемства “Беллакт”.
Фота аўтаркі