Праца, сацдапамога і зарплаты. Гарадзенцы распавялі пра праблемы, якія б яны паднялі на Усебеларускім сходзе
Алена:
– Я нарадзілася ў Гродне, але жыву цяпер у Расіі. Калі прыязджаю на Радзіму, то мяне не задавальняе культура паводзін гарадзенцаў у грамадскіх месцах. Я б падняла тэму забароны курэння ў тым жа парку, а таксама забараніла б гуляць у карты.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Пётр:
– Мне не падабаецца як у нас ставяцца да прыватных прадпрымальнікаў, заціскаюць з усіх бакоў. Людзі хочуць развівацца, але сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі. Захацеў нешта пабудаваць, так будзь добры зрабіць як твой сусед, і ні ў якім разе лепш. Урад патрабуе каб усё было ў адным стылі. Мне здаецца, менавiта пытаннi развіцця прыватнага бізнесу трэба падымаць на такіх сходах.
Аляксандр:
– На сённяшні дзень важная праблема – зарплата. На падобных з’ездах у першую чаргу трэба абмяркоўваць менавіта гэтае пытанне. Гарадзенцы узлаваны, адзін на аднаго глядзяць і нічога сабе не могуць дазволіць. Няма грошай, каб адпачыць. Напрыклад, завесці дзіця ў заапарк ужо трэба 100 тысяч, а заробкі ў кіроўцаў па 3.5 млн. Гэта я лічу не нармальна, і такія пытанні трэба вырашаць.
Галіна:
– Пытанняў вельмі шмат і ўсё вельмі складана. Я працую трэнерам і гэтым летам сутыкнулася з праблемай, што шматдзетным дзецям адмянілі бясплатныя паездкі ў лагеры. Для нас гэта праблема, бо палова каманды едзе на адпачынак, а палова не можа сабе гэта дазволіць. Вось што трэба вырашаць.
Сяргей:
– Шчыра, я б наогул туды не паехаў, таму што Лукашэнку не лічу прэзідэнтам, для мяне ён самазванец і абмяркоўваць з ім мне няма чаго. Па ўсёй краіне эканамічныя праблемы ўжо колькі гадоў, а яны ўсё не вырашаюцца. Няма працы – няма зарплаты, а калі ёсць праца, то аплата мізэрная і хватае толькі на тое, каб заплаціць за камунальнай паслугі.
Анастасія:
– Мы сутыкнуліся з пытаннем прыватызацыі. У крайнія тэрміны мы павінны сабраць усе дакументы, а службы працуюць вельмі павольна. Таксама трэба знайсці вялікую суму грошай, каб заплаціць за прыватызацыю старэнькай кватэры. Для мяне яшчэ важная тэма дапамогі па дагляду за дзіцяці.
Уладзімір Іванавіч:
– Як такіх праблем няма. Усе, хто знаходзіцца ва ўрадзе, стараюцца своечасова іх вырашаць. У мяне ўсё добра. А многія праблемы людзі выдумляяць сабе самі.
Сяргей:
– Перш за ўсё я б ўздымаў праблемы моладзі. А гэта тэма працаўладкавання і занятасці. Тым больш у летні перыяд, гэтая тэма вельмі актуальная і ўсе хочуць працаваць і зарабляць грошы. Таксама я б падняў тэму размеркавання. Многія з выпускнікоў не хочуць ехаць у вёску працаваць, усе хочуць застацца ў горадзе. Але, на жаль, у горадзе месцаў усім не хапае. Мне здаецца трэба вырашаць праблемы ў вёсках і там ствараць умовы для маладых людзей, бо зарплаты там нядрэнныя.
Вікторыя:
– Я б падняла тэму грашовай дапамогі для бацькоў маленькіх дзяцей, а таксама кватэрнае пытанне. Маладым сем’ям цяпер вельмі складана набыць сваё жыллё. Гэта тыя тэмы, якiя мяне хвалююць на дадзены момант.
Аляксандр:
– Мяне вельмі хвалюе тэма захавання гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. Тое, як у нас цяпер адбываецца рэканструкцыя будынкаў, гэта жаласная пародыя. Адну знешнюю сценку пакідаюць, а іншую забудоўваюць новай цэглай, хаця ўсё павінны рабіць па-іншаму. Для мяне гэта актуальная тэма, бо я займаюся гісторыяй.