У закінутага будынка па вулiцы 11 ліпеня з’явіўся гаспадар. Будаўнікі ўжо пачалі працы

|

Як будзе выкарыстоўвацца стогадовы будынак, пакуль невядома. Жыхары суседняга дома кажуць, што новы ўладальнік збіраецца адкрыць танную гасцініцу, будаўнікі ж кажуць, што будзе адміністрацыйны будынак.

 

Вядома, што рэканструкцыяй будзе займацца фірма “Квадрострой”, якая нядаўна працавала на вуліцы Сацыялістычнай. Адрэканструяваны “дом з лілеямі” – іх праца.

 

Будаўнікі распавялі, што ад дома не варта чакаць асаблівай прыгажосці, бо пабудова з’яўляецца шэраговай і дэкаратыўных элементаў там ніколі не было. Вядома, што вонкавую сцяну, якая выходзіць на гарвыканкам, пафарбуюць, адваротны бок не павінен істотна змяніцца.

 

 

Унутры дома нічога не засталося акрамя лесвіцы.

 

 

Дом №3 пабудаваны ў стылі эклектыкі i складаецца з дзвюх частак: аднапавярховая пабудаваная ў 1908 годзе, двухпавярховая – у 1911. Вядома, што ў 1914 годзе ў доме была адкрыта харчовая крама. У 1923 году домам валодаў Гiршт Ротфарт. Таксама вядома, што ў доме доўгі час жыла жанчына – былы вязень нямецкіх канцлагераў, якая пасля вайны працавала выкладчыкам у Гродне. У старасці жанчына шмат збірала, у тым ліку і старыя рэчы. Пасля яна атрымала новую кватэру i пераехала. Нешта з рэчаў выкінулі, а нешта вывезлі. Зараз у доме акрамя сцен нічога няма, але, добра пашукаўшы, можна натрапіць на якую-небудзь старую штучку, напрыклад бутэльку.

 

 

Вуліца, на якой зараз засталося два дамы, утварылася ў першай палове XIX стагоддзя. Асноўная забудова адносіцца да перыяду пасля пажару 1885 года. У розны час вуліца насіла назвы: Архірэйскі завулак, Мала-Садовы завулак, Аляксандраўскі завулак, Шпітальны завулак, завулак св. Мікалая, Zum Grand.

 

Чаму савецкiя ўлады вырашылi назваць вуліцу 11 ліпеня, ніхто з мясцовых краязнаўцаў з упэўненасцю сказаць не можа. Напрыклад, вуліца з такой жа назвай ёсць і ў іншых гарадах Беларусі. Вядома, што 11 ліпеня Чырвоная армія вызваліла Мінск ад польскіх войскаў.