“Усяго добрага, прыходзьце ў панядзелак”. Напярэдадні дэнамінацыі ў Беларусбанку зляцела сістэма

– Сёння пасля працы прыйшла за пераводам, бо мне адправілі грошы. Але ў банку мне сказалі, што я не змагу іх зняць: у іх зляцела сістэма. Параілі прыходзіць толькі ў панядзелак. У выніку на некалькі дзён я засталася без грошай, – распавяла кліентка банку Таццяна.


– Я прыйшоў плаціць за крэдыт і таксама сутыкнуўся з праблемай, хоць і абяцалі, што да 30 чэрвеня мы зможам спакойна плаціць. То банкаматы грошы не выдаюць, то праблемы з сістэмай. Дурдом нейкі, – сказаў іншы кліент.

 

У аддзяленні Беларусбанка на вуліцы Ажэшкі паведамілі, што праблема ёсць, яна закранула ўсе аддзяленні банку ў Гродне і яе вырашаюць. Таксама ў банку прапануюць кліентам прыходзіць ужо ў панядзелак, бо невядома ці будуць заўтра ажыццяўляцца аперацыі.

 

Дарэчы, да вечара ў банкаматах горада з’явіліся нарэшце грошы. Там пачынаюць збірацца людзі, якія ўпэўненыя, што да раніцы наяўных ужо не будзе.