У Новым Замку развіталіся з мільёнамі: адкрылася выстава пра гісторыю грошай

Галоўныя экспанаты – папяровыя грошы розных эпох, якія хадзілі на нашых землях. Банкнотаў, пачынаючы ад скарбовых білетаў паўстанцаў Касцюшкі і да сучасных беларускіх грошай, на выстве больш за дзве сотні. Ёсць і манеты, у тым ліку залатыя.

 

 

Аднак галоўная асаблівасць выставы – грошы паказваюцца не толькі як прадмет калекцыянавання або мастацкая рэч, але як рэальны пакупніцкі сродак у інтэр’ерах розных эпох. Са стэндаў можна даведацца, колькі што каштавала ў тую або іншую эпоху, якія былі заробкі, колькі трацілі людзі на ежу і вопратку. Менавіта таму музейныя этыкеткі збольшага заменены цэннікамі, пры дапамозе якіх можна заглыбіцца ў атмасферу міжваеннага гродзенскага Сяннога рынка або савецкай крамы 1960-х гг. Усяго на выставе сабрана больш за паўтысячы розных экспанатаў.

 

 

Выстаўка прысвячаецца дэнамінацыі беларускага рубля і аўтары неаднаразова закранаюць тэму мінулых дэнамінацый (і дэвальвацый) у беларускай гісторыі. Напрыклад, даведваемя, што ў Расійскай Імперыі амаль усё ХІХ ст. існавалі паралельныя курсы папяровых, медных і срэбраных грошай. 5 срэбраных капеек каштавалі аж 20 медных!

 

А вось самая буйная банкнота, якая хадзіла на Гродзеншчыне – 10 мільёнаў польскіх марак 1923 года выпуска. Крыху не дацягнулі да гэтага намінала беларускія рублі 1999 года. Тады з друкарскага стану выйшлі 5 мільёнаў беларускіх рублёў.

 

 

Грошы былі і сродкам ідэалагічнай прапаганды. Да прыкладу, фашысты на сваіх акупацыйных остмарках друкавалі выву крыжацкага замку ў Мальбарку (Марыенбургу), а Сталін сваімі рублямі 1947 года спрабаваў вярнуць СССР да імперскай велічы Расіі. Возьмеш у рукі такую савецкую сторублёўку і толькі мяняй выву Леніна на царыцу Кацярыну.

 

 

Аўтары выставы лічыць, што з’яўленне новых грошай, як папяровых, так і металічных, дапаможа беларускаму рублю заняць трывалае месца ў сусветнай сістэме грашовых адносін. Як гаворыцца, іх бы словы, ды Богу ў вушы!