Нулі зніклі, каханне – не. У Гродне адсвяткавалі першае “дэнамінаванае” вяселле без мільёнаў
Бацькі маладых хвалююцца ў гэты дзень ці не больш за жаніха з нявестаю, і пра дэнамінацыю, кажуць, амаль забыліся. Са словаў маці нявесты, Святланы, яе нават жартам не палохае тое, дачка не паспела выйсці замуж за міліянера. “Галоўнае, што гэта быў яе ўласны выбар, гэта больш каштоўна за любыя мільёны, ці тым больш – нулі на паперках”, – кажа яна. Разважаючы пра маладых, зазначае: “Яны ў гэты момант самыя шчаслівыя, і для іх тыя нулі ўвогуле не маюць значэння”.
Бацькі жаніха, Людміла і Аляксандр, больш перажываюць не за тое, што ў адказны для сына момант яны раптам перасталі быць міліянерамі. З іх словаў, гэтым днём цяжэй асэнсаваць, што сын стаў дарослым і стварыў уласную сям’ю, чым тое, што карыстацца трэба будзе новымі купюрамі з меншай колькасцю нулёў. Што да пачуццяў маладзёнаў, то яны ўпэўнены – памяншэнне ў дзясяць тысяч разоў ім сёння дакладна не пагражае.
Ці змяніла дэнамінацыя стаўленне да шлюбу, пытаюся ў начальнакі аддзела ЗАГС Галіны Казаковай. З яе словаў, колькасць ахвотных уступіць у шлюб зараз меншая чым, напрыклад, летась. Аднак гэта ніяк не звязана з тым, што маладзёны спяшаліся пажаніцца, пакуль былі міліянерамі.
“Прычын на тое некалькі. Найперш – “дэмаграфічная яма” сярэдзіны 90-х. Самы вялікі спад нараджальнасці ў краіне прышоўся на 1994 год, зараз тагачасным немаўлятам акурат па 22 гады – той узрост, калі пачынаюць думаць пра шлюб. Другая прычына – гэта міграцыя насельніцтва – адток моладзі зараз вельмі адчувальны для ЗАГСа. Трэцяй прычынай можна назваць і эканамічны спад, хаця непасрэдна да рэгістрацыі шлюбу ён не мае адносін”.
Вясельныя справы тым часам ідуць сваім шэрагам. Незалежна ад дэнамінацыі, рэгістратарка задае маладзёнам “вечнае” пытанне: “Ці з’яўляецца ваша рашэнне ўзяць шлюб свабодным і прадуманым, ці абяцаеце вы кахаць, паважаць і аберагаць адно аднаго?” Абодва даюць на яго станоўчы адказ.
Здымкі аўтаркі