“Не толькі вучыцца, але і адпачываць”. У Гродне прайшла сапраўдная афрыканская вечарына

|

Cамі студэнты і былі ініцыятарамі такой вечарыны: самі арганізаваліся і сабралі людзей. На тэматычную вечарыну прыйшлі менавіта афрыканскія студэнты.


“Мы раней спрабавалі збірацца ў розных начных клубах горада. У гэты раз месца апынулася найлепшае: зручнае і тэматычнае. Клуб “Афрыка” знаходзіцца каля інтэрнатаў, многім было зручна прыходзіць. Вядома хацелася б больш людзей, але нас падвёў футбол, які многія глядзелi да глыбокай ночы. Дзякуй клубу, усё прайшло на ўзроўні – студэнты засталіся задаволенымі”, – распавёў арганізатар вечарыны Норш.

 

 

На вечарыне дыджэямі былі самыя музычныя афрыканскія студэнты горада. Адзін з іх – Прынц Аканi, якому ў гэты вечар удалося выканаць і сваю ўласную пеcню. Таксама за новым пультам дэбютаваў і студэнт Медыцынскага ўніверсітэта Нэльсан.


“На такіх вечарынах павінна быць адмысловая музыка. Мы загадзя падрыхтавалі плэйлiсты. У асноўным граў афрабiт. Мне здаецца, усё засталіся задаволенымі”, – сказаў Нэльсан.

 

 

Бомба з Анголы ўжо атрымаў дыплом у гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы і зараз думае над будучымі планамі. На вечарыну яго запрасілі сябры.


“У асноўным сабраліся нігерыйскія студэнты, я ж сам з Анголы. Як вы заўважылі, танцы былі цікавыя, але ў нашых народаў яны трохi адрозніваюцца. Раней мы спрабавалі арганізаваць падобную вечарыну ў клубе “Хамелеон”. Да нас тады прыязджалі студэнты нават з Вiцебска і Мінска, але там было шмат і беларусаў. Гэтая вечарына мне вельмі спадабалася, бо былі амаль усе афрыканцы. Мне здаецца, трэба часцей праводзіць падобныя дыскатэкі, нам жа не толькі вучыцца, але і адпачываць трэба”, – сказаў Бомба.


 

Тэматычная вечарынка доўжылася да 5 раніцы. Усе засталіся задаволеныя, канфліктаў не ўзнікала. Пілі студэнты ў асноўным піва і шампанскае, былі і тыя, хто здавольваўся сокам і віскі.

 

align=”” width=”725″ height=”512″ >