Дзяўчаты з групы падтрымкі хакейнага “Нёмана” заклікаюць у свае шэрагі
Перад кожным сезонам капітан групы падтрымкі “ICEBERG” Наталля Вялічка праводзіць набор новых дзяўчат, бо вопытныя з’язджаюць у іншыя гарады, а хтосьці проста паглыбляецца ў вучобу або працу і склад патрабуе папаўнення.
“Гэты год не выключэнне. Асноўны склад пакідае некалькі дзяўчат, таму шукаем новых “запальнічак”. Наша асноўная дзейнасць гэта падтрымка мясцовай хакейнай каманды “Нёман”. У дзяўчын, якiя пройдуць адбор, з’явіцца магчымасць падмацаваць сваю любоў да танцаў і да хакею. Мы дапамагаем быць часткай гарадзенскай каманды, быць заўсёды ў цэнтры ўвагі, раптам хто-небудзь заўважыць і запросіць у Галівуд”, – кажа Наталля.
Дзяўчаты з групы падтрымкі бясплатна наведваюць трэніроўкі, на якіх яны развіваюцца ва ўсіх напрамках. Таксама на працягу сезону праводзяцца рэгулярныя трэніроўкі, накіраваныя на падтрыманне фігуры.
“Ні ў якім калектыве няма такой разнастайнасці танцавальных навыкаў і ўсіх відаў фітнес-аэробікі, як у нас. Нашы заняткі бясплатныя. А калі ўдасца патрапіць у асноўны склад, будзе і мінімальная зарплата за хакейныя матчы”, – дадала Наталля.
Крытэрыі па якіх дзяўчаты будуць праходзіць адбор:
Рост не ніжэй 168 см, дзяўчына павінна быць амбіцыйная, адказная, актыўная, маладая, стройная, сімпатычная і, вядома ж, танцуючая.
Пасля мінімальнага кастынгу дзяўчыны пройдуць першы падрыхтоўчы этап да хакейнага сезону, які пачнецца ў канцы жніўня.