У Беларусі адмяняюць абмежаванні па вывазу паліва з краіны
Саўмін прыняў пастанову, якая анулюе некаторыя папярэднія рашэнні ўрада. Сярод іх – і два дакументы “Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Пастанову аб адмене абмежаванняў на паліва пры вывазе за мяжу ўступае ў сілу з 1 верасня 2016 года, гаворыцца ў паведамленні ўрада, апублікаваным 7 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Нагадаем, у разгар эканамічнага крызісу ў 2011-м, калі беларускі рубль менш чым за паўгода абясцэніўся амаль у тры разы, з-за чаго паліва ў валютным выражэнні каштавала значна танней, чым у краінах-суседзях ЕС, урад прыняў пастанову, згодна з якой выязджаць за мяжу на аўтамабілі можна раз у восем дзён. Гэтая мера была накіравана супраць вывазу паліва з краіны, бо дзякуючы гэтаму жыхары памежжа маглі нядрэнна зарабіць на паездках у Польшчу і Літву. Згодна з дакументам, калі выязджаць за межы Мытнага саюза на адным і тым жа аўтамабілі з Беларусі даводзілася часцей, то неабходна было выплачваць пошліну на паліва.