У Гродне пачаўся актыўны збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты

На ўпадабаным месцы ўсіх ініцыятыўных груп – каля Маладзёжнага цэнтра – да абеду стаялі прадстаўнікі БРСМ, а пасля са сваімі лідарамі пікет зладзілі прадстаўнікі АГП і БХД. У Гродна падтрымаць мясцовых актывістаў прыехалі Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ >

 

Першы ў горадзе пікет ад апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты выставіў Мікола Баўсюк, лідар гарадзенскай абласной структуры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. У сваёй ініцыятыўнай групе ён мае 19 чалавек.

 

 

Збіраюць подпісы як маладыя, так і больш вопытныя актывісты. Гэтак, сябар ініцыятыўнай групы Дзмітрый лічыць, што цяпер самы час вылучаць свайго кандыдата.


“Сэнс у гэтым ёсць, бо апошнім часам улады не вельмі забараняюць нам дзейнічаць. Мы збіраем подпісы спакойна, праводзім пікеты. Для нас важна мець прамыя зносіны з людзьмі. Я лічу, што рабіць нешта трэба: акрамя подпісаў за кандыдата, мы яшчэ збіраем подпісы і за розныя рэформы, якія неабходныя нашай краіне”.


 

Кіраўнік дзвюх ініцыятыўных груп кандыдатаў “Гавары праўду” Дзмітрый Бандарчук распавядае, што на пікеты яго людзі яшчэ не выходзілі, у першую чаргу яны збіраюць подпісы па кватэрах.


“Гавары Праўду” за шэсць гадоў з моманту стварэння кампаніі на ўсіх выбарах вымушана збіраць подпісы і ўдзельнічае ў выбарах да канца. Пастаянны кантакт з выбаршчыкамі дапамагае лепш разумець настроі ў грамадстве, знаходзіць новых актывістаў і прасоўваць ідэі “Гавары праўду”.  На гэтых выбарах у Гродне каманды двух кандыдатаў збіраюць подпісы. У першыя два тыдні будуць збіраць толькі па кватэрах, каб назбіраць дастатковую колькасць для рэгістрацыі, а пасля пікеты кандыдатаў ад “Гавары праўду” можна будзе ўбачыць каля буйных гандлёвых цэнтраў”.


 

Да збору подпісаў і да пікетаў гарадзенцы ставяцца станоўча.


“Подпіс паставіць мне не складана, галоўнае, каб у гэтым быў сэнс. Павінны быць нармальныя кандыдаты, якія б выконвалі свае абяцанні. А то як атрымаюць уладу, так і забываюць пра ўсё, што абяцалi. Нам такія не патрэбныя”, – cказаў хлопец Андрэй.

 

 

Збіраць подпісы прадстаўнікі ініцыятыўных груп могуць у ходзе пікетавання або шляхам абыходу жылля грамадзян у сваёй выбарчай акрузе. Ставіць у падпісных лістах свае подпісы ў падтрымку асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты парламента, маюць права грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў і якія валодаюць выбарчым правам. Каб пакінуць свой подпіс неабходна мець з сабой пашпарт.

 

Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.

 

Член ініцыятыўнай групы пры зборы подпісаў павінен мець пасведчанне, выдадзенае акруговай выбарчай камісіяй, і дакумент, які пацвярджае асобу.