Гонкі па старым дыване. Гарадзенец стварыў у парку атракцыёнаў уласны мініаўтадром

|

Стварэнне трасы заняло больш за месяц. Леанід кажа, што ўсё можна было зрабіць значна хутчэй, калі б можна было займацца толькі мiнiаўтадромам.


“Я заўсёды раблю ўсё ў адзінкавым экземпляры. Прыдумаў – зрабіў, цяпер галоўнае каб людзям падабалася. Першым наведвальнікам нават вельмі спадабалася ездзіць”, – распавядае Леанід.

 

Для японскіх машынак Kyosho звычайна выкарыстоўваецца спецыяльнае гладкае пакрыццё з паліурэтану. Такое пакрыццё ў Мінску можа набыць ад 1700 руб. (17 млн недэнамінаваных). У сваім мiнiаўтадроме Леанід выкарыстаў звычайны дыван, і траса для машынак атрымалася не горшай за пакупную.

 


“Выкарыстоўваем усё падобнае да арыгіналу. У пакупнога пакрыцця перавага толькі ў тым, што яго можна лёгка і хутка сабраць і разаслаць у любым месцы. Наша траса таксама разбіраецца, але на гэта сыходзіць шмат часу. Дарэчы, дываны вельмі часта выкарыстоўваюцца для падобных трэкаў. Спецыяльна для гэтага ў машын мяняецца гума на такую, якая дае магчымасць ездзіць спакойна па гэтым дыване”.


 

Леанід пры стварэнні трасы выкарыстаў таксама шланг для паліву агарода, пліту ОСБ, метал (квадратная труба і зварка). Ліхтары для асвятлення трасы зробленыя з медных трубак. Свецяць яны з дапамогай святлодыёдаў. У планах яшчэ зрабіць рэалістычныя дамы і банеры на бартах.

 

 

Самае дорагое ў мiнiаўтадроме – машынкі і пульты кіравання. Адна арыгінальная машынка Kyosho разам з пультам каштуе каля раёне 500 руб. (5 млн недэнамінаваных).


“Усім вельмі падабаецца, а калі бярэцца за пульт фанат, то яго не адарваць. Адзін мужчына прыходзіў са сваім сынам, дык той каля трох гадзін ездзіў па трасе. Многія падыходзяць і кажуць “вось бы мне ў дзяцінстве такое”, а ёсць і тыя, хто хоча паспрабаваць, але саромеецца. Так адзін бацька прыйшоў са сваёй дачкой, яна не хацела катацца, а ён яе прымусіў. У дзяўчынкі не атрымлівалася, але відаць было, што гэта бацька хацеў проста паглядзець, што за траса і як на ёй ездзяць. Ён сам не ездзіў, але відаць было што хацеў. Пасля таго, як ён пайшоў, я падумаў: трэба было бясплатна даць яму праехацца, каб спраўдзілася яго дзіцячая мара”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >

 

Леанід у будучыні хацеў бы стварыць у Гродне месца, дзе б людзі, якія маюць радыёкіраваныя машынкі, самалёты, верталёты і квадракоптэры, маглі збірацца і дзяліцца інфармацыяй пра навінкі і ўласныя распрацоўкі. Але пакуль такога месца няма, гарадзенец запрашае ўсіх жадаючых у парк атракцыёнаў, каб азнаёміцца ​​з мiнiаўтадромам і машынкамі Kyosho.