Легендарнага прафесара Паўла Сцяцко звольнілі з Гарадзенскага ўніверсітэта ў 86 год
Яшчэ ў 1999 годзе ў гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы быў выдадзены расійска-беларускі фізічны слоўнік. Паводле аўтара, выйшла толькі 100 асобнікаў. Слоўнік выкарыстоўвалі ў навучальнай рабоце. Новы яго варыянт быў падрыхтаваны яшчэ колькі гадоў таму, але аддзел менеджменту ва ўніверсітэце пакуль не зацвердзіў дату выдання.
Спадар Сцяцко ўзгадвае, што гэты слоўнік збіраліся выдаць яшчэ тры-чатыры гады таму, але ўсё звялося да таго, што зрабіць гэта павінны былі за сродкі факультэта. А гэта азначала, што выкладчыкі на факультэце не змаглі б амаль цэлы год атрымліваць заробак.
“Цяпер нібыта яго збіраюцца выдаць, але ў аддзеле менеджмэнту кажуць, што попыт на яго малы, а значыцца, цяжка будзе выдаваць. Хоць, на маю думку, слоўнік патрэбен не толькі для нашага ўніверсітэта, але для ўсёй Беларусі. Ён таксама будзе запатрабаваны і ў сярэдніх спецыяльных установах, і ў школах для практычных мэтаў. Калі Міністэрства адукацыі зверне на гэта ўвагу, то цалкам магчыма, што слоўнік з’явіцца накладам ужо не сто асобнікаў, як гэта было з першым выданнем, а значна большым”.
Паводле Сцяцко, слоўнік змяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных раздзелаў фізікі, а таксама сумежных навук — астрафізікі, біяфізікі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі ды іншых.
Прафесар Сцяцко — аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў. Ён падрыхтаваў манаграфіі “Антрапонімы Беларусі” і “Слоўнік прозвішчаў Гарадзеншчыны”. А яшчэ пра адну кнігу — “Дзярэчынскі слоўнік”, трэцяе выданне якой рыхтуецца да 600-годдзя мястэчка Дзярэчын Зэльвенскага раёну, спадар Сцяцко, як кажа, распавядае ўпершыню.
“У гэты слоўнік увойдуць чатыры раздзелы. Першы — “Лексікон” — сам слоўнік Зэльвеншчыны. Другі — “Айконімы” — назвы населеных пунктаў Зэльвеншчыны. Трэці — “Імёны Зэльвеншчыны”, чацверты — “Прозвішчы Зэльвеншчыны”. Плануецца, што выданне з’явіцца дзякуючы фундатарам у гонар 600-годдзя Дзярэчына. Цікава будзе яго чытаць. Там, дарэчы, расшыфраваныя імёны і прозвішчы мясцовых людзей. Многія вядомыя людзі звярталіся да мяне з такой просьбай і былі вельмі ўсцешаныя, калі даведваліся пра паходжанне свайго прозвішча ці імя. Дарэчы, гэта і мае родныя мясціны, я вырас на Зэльвеншчыне і быў вучнем Дзярэчынскай школы.
Спадару Сцяцко 86 гадоў, і я цікаўлюся — ці не стаміўся ён яшчэ працаваць? Аказалася, што з 28 чэрвеня спадар Павел ужо звольнены з працы ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Міністэрская камісія зрабіла заўвагу адміністрацыі ўніверсітэта, што тыя нібыта прымушаюць 86-гадовага чалавека працаваць, і рэктар не працягнуў з ім кантракту.
“Я стаўлюся да гэтага дваяка. З аднаго боку, цяпер студэнты слаба працуюць, спісваюць навуковыя працы з інтэрнэта, і для мяне гэта было цяжкавата. Хоць я цалкам яшчэ працаздольны, бо мае бацькі-даўгавечнікі пакінулі мне моцныя гены. Я мог бы працаваць далей, але што зробіш, калі быў такі загад. Праўда, я застаюся кіраўніком дзяржаўнага навуковага праекту, і цяпер невядома, як быць. Мне нельга працаваць, паколькі цалкам не змагу атрымліваць сваю пенсію, а з другога боку — дзяржаўная праграма не будзе выконвацца”.
Цікаўлюся ў спадара Сцяцко — якую пенсію атрымлівае ў Беларусі прафесар, аўтар шматлікіх кніг і навуковых публікацый, ці можна на гэтыя грошы пражыць, не працуючы дадаткова? Прафесар кажа:
“За кіраўніцтва дзяржаўным праектам за першы квартал мне налічылі ўсяго 380 тысяч, за другі — недзе мільён, гэта значыць, у месяц па трыста з нечым тысяч. Мая пенсія таксама скупая. Пакуль я працаваў, яна складала 3 мільёны 458 тысяч. Гэта практычна такая ж пенсія, як у маёй лабаранткі з сярэдняй адукацыяй”.
Не абмінаем мы і тэму беларускамоўнага навучання ў Гарадзенскім універсітэце, якое апошнія гады практычна знікае. Узгадваючы пра сваю працу ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, спадар Сцяцко кажа, што ў 90-я гады, калі ён кіраваў кафедрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, на філалагічны факультэт набіралі да 200 студэнтаў, а цяпер — толькі адну групу з 25 чалавек.
“Незапатрабаваны сам прадмет, як і носбіты мовы, скарачаюцца нагрузкі выкладчыкаў. Павінен сказаць, што ў дадзеным выпадку — гэта пытанні палітыкі, а я заўсёды лічыў сябе навукоўцам. Я выхоўваў студэнтаў сваёй дысцыплінай, я паказваў адметнасць беларускай нацыі, яе ментальнасць, мову і культуру, і гэтым выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Але я не карыстаюся нейкімі гучнымі словамі, каб папросту звярнуць на сябе ўвагу. Адзінае магу сказаць, што недарэмна беларуская мова занесена ў лік моваў, якія стаяць на мяжы вымірання”.
Паводле назіранняў прафесара Сцяцко, апошнім часам высокае начальства зразумела неабходнасць беларускай мовы. Але, на думку прафесара, пакуль гэта толькі словы, а робіцца дзеля мовы яўна недастаткова.
“Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы і ВНУ не стануць карыстацца беларускай мовай, справаводства не будзе весьціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небяспекі знікнення мовы”.
Павел Сцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму лексыкі гаворак Зэльвенскага раёну. Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. Загадваў кафедрай расійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пазней зноў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 году ўзначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэта беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.
Мае больш за 600 апублікаваных працаў, у тым ліку больш за 30 кніг.