“Нам не страшны дождж – мы ж вікінгі”. У Гродне пад сцягам з Пагоняй спусцілі на Нёман ладдзю, якая паплыла да Балтыйскага мора

|

Рэканструктары эпохі вікінгаў разам з адважнымі добраахвотнікамі з самай раніцы пад праліўным дажджом у раёне садовага таварыства “Хімік” спусцілі сваё судна і адправіліся па Нёмане да цэнтра горада, дзе афіцыйна быў дадзены старт экспедыцыі. Усяго з Гродна на караблі адправілася 9 чалавек, сярод іх і адна дзяўчына Іна, якая прыехала з Масквы.


“Я дзяўчына і я не баюся, бо ў сярэднявеччы вікінгі здзяйснялі свае набегі разам з дзяўчынамі. Шчыра, мне здавалася, што будзе больш прадстаўніц жаночага полу, але я апынулася адна. Значыць, так і павінна быць. Да такіх экспедыцый я гатовая яшчэ з ранняга дзяцінства, бо ў мяне бацька марак, а таксама ў школе я была камандзірам турыстычнага атрада”.


align=”” width=”725″ height=”485″ >

 

Карабель, на якiм вікінгi разам з добраахвотнікамі паплылi да мора, мае назву “Яцвяг”. Ён пабудаваны ў адпаведнасці з арыгіналам знаходкі X стагоддзя для суднаходнага праекта “Спадарожны вецер”. Дракар мае даўжыню 14 метраў і змяшчальнасць да 20 чалавек.

Капітан Дзмітрый Вараноўскі распавёў, што пачаткова ў экспедыцыю павінны былі адправіцца толькі адны рэканструктары, але ў апошнія месяцы падрыхтоўкі ўсё змянілася.


“На жаль, усіх нашых людзей мы не змаглі сабраць, і былі вымушаныя аб’явіць набор добраахвотнікаў. Яны знайшліся і мы ўсё ж рушылі на фестываль “Свята мора”. Наогул, каманда павінна складацца з 16 челавек, але ў нас у Беларусі толькі 9, а маглі сабраць значна больш людзей. Прычына? Дрэнна папрацавалі з рэкламай”.

 

Ужо на літоўскім баку, у Каўнасе, да беларускай экспедыцыі далучыцца яшчэ некалькі чалавек. Усе яны 28 ліпеня прыплывуць у Клайпеду.

У цэнтры Гродна ў плаванне беларускі карабель адпраўляў ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе Мікалай Логвін. Ён уручыў Дзмітрыю Вараноўскаму палотнішча з гербам ВКЛ, якi, па словах консула, аб’ядноўвае народы Беларусі і Літвы.

Варта адзначыць, што сярод гарадзенцаў не знайшлося жадаючых адправіцца ў экспедыцыю. Вядома, што кожны ўдзельнік праекта павінен быў заплаціць унёсак 350 долараў, за кошт якога будзе арганізавана транспарціроўка карабля, ежа і пітво на ўвесь час паходу i дарога назад на мікрааўтобусе.