Гарадзенец запрашае на “шпацыр” па Фары Вітаўта

|

Некалькі год таму, падчас навучання на інжэнерна-будаўнічым факультэце Купалаўскага ўніверсітэту, гарадзенец Валеры Маскевiч пачаў цікаваіцца 3D-мадаляваннем. У траўні 2013 года ён пабываў на прэзентацыi дыску “50 год без Фары Вітаўта”, там студэнт пазнаёміўся з гiсторыкамi Ігарам Лапехай i Андрэем Вашкевічам. Цікавыя расповяды, фатаздымкі вопытных даследчыкаў падштурхнулі маладога хлопца да стварэння 3D-мадэлі знакамiтай гарадзенскай Фары Вітаўта.

 

Валеры стаў паглыблена вывучаць гісторыю гарадзенскай святыні і абдумваць свой будучы праект. На працягу года хлопец адводзіў па некалькі гадзін у тыдзень для стварэння мадэлі страчанага храма. За аснову былі прыняты чарцяжы 1803 году. Старажытныя памеры пераводзіліся ў сучасныя i ўзгаджаліся з краязнаўцамі. 

Выява Фары Вітаўта, вiд з поўначы
 

“Мая 3D-мадэль дазваляе “пашпацыраваць” па страчанаму помніку архітэктуры, ацаніць аб’ёмы храма, азнаёміцца з яго планіроўкай. Пасля заканчэння ўніверсітэту я пачаў даследванні па рэгенерацыі (аднаўленню – рэд.) страчаных помнікаў архітэктуры. У якасці аб’екта даследвання была абрана Фара Вітаўта. Пачаў паглыбленна разбірацца з планіровачнымі  і канструктыўнымі асаблівасцямі храму”, – кажа Валеры. 

Фара Вітаўта. Інтэр’ер


Справаздача аб раскопках 1992 году дазволіла хлопцу даведацца пра сапраўднае месцазнаходжанне храма ў скверы, пра матэр’ял, з якога была пабудавана Фара.


“Абапіраючыся на зробленныя чарцяжы была створана разліковая аналітычная мадэль, неабходная для вызначэння напружанняў у муры будынка. На аснове выпрабаванняў узораў двухсотгадовай цэглы былі выяўлены фізіка-тэхнічныя ўласцівасці, якія аказаліся не ніжэй існуючых стандартаў для керамічнай цэглы. Атрыманыя паказчыкі выкарыстоўваліся ў разліковай мадэлі. Як любы старажытны будынак, Фара была пабудавана з вялікім запасам трываласці. Паводле маiх разлікаў, напрыклад, сцяну таўшчынёй у 1,6 метраў можна тэарэтычна паменшыць да 0,5 метраў”. 

Выпрабаванне керамічнай цагліны на сціск

Графічная мадэль страчанага храма ўдзельнічала ў праекце “Віртуальная Беларусь: мінулае і сучаснае”. Мэтай праекта з’яўлялася стварэнне iнтэрнэт-парталу з 3D-галерэямі існуючых і страчаных помнікаў архітэктуры Беларусi. Праект Валерыя з Фарай Вiтаўта выйшаў у фінал рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” у 2015 годзе.

Выява Фары Вітаўта з усходу

 

Валерый спадзяецца, што калі-небудзь Фару Вітаўта пачнуць адраджаць, і калі спатрэбіцца яго дапамога, то ён абавязкова зробіць усё магчымае, каб вярнуць гораду страчаны храм.

 

 “Жаданне ёсць вялiкае, але аднаўленнем помніка такога кшталту павінны займацца спецыялісты будрэстаўрацыі, і галоўнае, каб быў нагляд з боку гісторыкаў. Неабходна азнаёміцца з паспяховымі досведамі рэканструкцый у іншых краінах. Да стварэння праекту трэба падыйсці такім чынам, каб потым не было б сорамна перад нашчадкамі. Спачатку трэба правесці шэраг мерапрыемстваў па вызначэнню стану падмуркаў:  запрасіць археолагаў, каб разабраліся з культурным пластам, потым неабходна ачысціць падмуркі і сутарэнні ад друзу. Пасля гэтага трэба пачаць даследванні па вызначэнню стану канструкцый, што захаваліся, праверыць іх трываласць. Акрамя гэтага правесці геалагічныя даследванні грунта”.  

 Разрэз па скляпенням

План на адзнацы 0,000



Для таго, каб зазірнуць у Фару Вітаўта, адкрыйце файлы PANАRAMA 0.mov і PANАRAMA 1.mov з дапамогай праграмы QuickTime Player.



Даведка


Фара – ад нямецкага Pfarrei — парафія, прыход.

 

Храм некалькі разоў перабудоўваўся, мяняліся яго архітэктурныя стылі (рэнесанс, класіцызм, готыка, псеўдарускі стыль), ён быў то касцёлам, то праваслаўным саборам (1807 – 1918).

 

Паводле тэстаменту, Стэфан Баторы жадаў, каб яго пахавалі ў Фары, але цела караля было перавезена ў Вавель, Кракаў.

 

З гісторыяй касцёла звязана імя Св. Казіміра – заступніка ВКЛ. Ён паходзіў з сям’і вялікага князя літоўскага Казіміра і Альжбеты з Габсбургаў. Штогод увесну ў Гродне ладзіцца ярмарка “Казюкі” ў памяць аб гэтым святым – заступніку моладзі, майстроў і рамеснікаў.

 

У 1914 годзе храм наведаў Мікалай II.  

 

У1950-х будынак храму мог стаць кінатэатрам ці спартовай залай.

 

У 1961 г. пасля выбуху рэшткі касцёла вывозіліся ў раён сучаснай вуліцы Суворава.