“Цікавая траса і файная музыка”. Веламарафон “Суседзі” – не толькі спорт
Асабісты нумар як латарэйны білет
Паводле арганізатараў, удача прыходзіць да тых, хто ідзе да канца. Таму адноў з умоваў латарэі была асабістая прысутнасць удзельніка на розыгрышы. Калі ж у час розыгрыша высвятлялася, што ўладальнік шчаслівага нумара адсутнічае, то розыгрыш працягваўся.
Самымі ўдачлівымі раварыстамі аказаліся Сафія Собаль, Таццяна Адасік і Арсеній Наўгародскі. Сафіі дастаўся набор сродкаў для дагляду ровара, Таццяна атрымала камплект пакрышак, а ўладальнікам галоўнага прыза стаў Арсеній.
Ад дзяцей да ветэранаў
Ужо стала традыцыяй, што ўдзел у марафоне бяруць цэлымі сем’ямі – ёсць магчымасць выйсці на дыстанцыю, што падыйдзе для кожнага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі.
Адзін з самых юных пераможцаў, Ілля Макей, расказаў, што раней таксама браў удзел у спаборніцтвах, толькі ў якасці пасажыра на дзіцячым сядзенні татавага ровара.
Сёлета ён сам выйшаў на дыстанцыю і атрымаў прыз. Каб расказаць пра перамогу тату, маме і дзвюм сёстрам, Іллі прышлося трохі пачакаць, пакуль яны вернуцца з 7-кіламетровай дыстанцыі.
Пераможца сярод ветэранаў, Віктар Чучва, таксама ўдзельнічаў у марафоне разам з сынам. Дмітрый быў адным з валанцёраў спаборніцтва. Віктар распавёў, што ўдзельнічае ў марафоне ўжо пяты раз, а заняўся роварам па-сур’ёзнаму толькі пасля 50 гадоў. Раней перавагу аддаваў валейболу.
Рэцэпт перамогі
Яцэк Кулікоўскі з Беласточчыны стаў адным з пераможцаў паўмарафона.
“Трэба быць упартым, не паліць і трэніравацца”, – не хаваў ён сакрэтаў сваёй перамогі. Удзельнічаў у “суседскім” марафоне ён трэці раз і праз год таксама спадзяецца прыехаць сюды.
“Прыемна быць часткай гэтага свята”. Навошта гарадзенцы ідуць валанцёрамі на марафон “Суседзi”
Альтэрнатыва марафону – велатрыял
Па-за конкурснай праграмай удзельнікі ўбачылі выступ Жэні Чарнова і Улада Ерчыкоўскага ў велатрыяле. Хлопцы прыехалі з Гомеля як прадстаўнікі кампаніі “Твой велик”. “На марафоне мы б спякліся”, – жартуе Улад. Ровар, паводле хлопцаў, можа не толькі ездзіць, але і скакаць. Гэта яны і прадэманстравалі гледачам.
Пакуль велатрыял больш распаўсюджаны ў Еўропе, сярод беларусаў яго прыхільнікаў можна пералічыць па пальцах. Таму асвойвалі тэхніку хлопцы самастойна, шукаючы ролікі ў сеціве. Выступ, прызнаюцца, быў імправізацыяй.
Падтрымка калег-дабраахвотнікаў, што не пабаяліся стварыць жывы бар’ер, толькі дадавала адказнасці.
“Любім да вас прыязджаць і любім танцаваць”
Тое, што раварыст раварыста разумее не толькі на трасе, але і ў танцах, можна было зразумець з імправізаванага выступу Яніны Пашчэўскай і Дарэка Дмітрука з Польшчы.
Абодва праехалі паўмарафон, але выглядала на тое, што выбралі для сябе закароткую дыстанцыю. Паводле іх, на “Суседзях” заўжды не толькі цікавая траса, але і файная музыка. “Любім да вас прыязджаць і любім танцаваць”, – патлумачыла Яніна. Праз год раварысты-аматары танцаў таксама не збіраюцца прапускаць “Суседзяў”.