Што гарадзенцы думаюць пра планы ДАІ абмежаваць рух веласіпедыстаў на Старым мосце
Мяркуецца, што веласіпедыстам, якія будуць ехаць з боку вуліцы Маставой, у раёне Прыёрбанка прыйдзецца злазіць са свайго ровара, затым альбо правесці яго на другі бераг ракі ў руках, альбо спусціцца ўніз і перайсці на супрацьлеглы боку моста. Гэтаксама і пры руху з супрацьлеглага берага: пры руху ў бок цэнтра язда на ровары па левым боку моста будзе забаронена, працягваць рух можна будзе толькі справа.
Сумесны рух пешаходаў і веласіпедыстаў па тратуары моста, шырыня якога складае 2,1-2,6 метра, выклікае канфліктныя сітуацыі. Каб іх пазбегнуць, па шматлікіх просьбах гараджан, якія рэгулярна выкарыстоўваюць мост для перамяшчэння, і запланаваны змены. Для абмеркавання гарадзенцам прапанавалі меркаваную схему руху на мосце.
Пакуль ДАІ праводзіць апытанне ў сацыяльных сетках, карэспандэнт “Твайго стылю” выйшаў на Стары мост і пагутарыў як з веласіпедыстамі, так і з пешаходамі.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Дзіма, некалькі разоў на тыдзень карыстаецца роварам
– Я не бачу сэнсу закрываць адну частку, бо можна вырашыць праблему іншымі спосабамі. Неаднаразова сутыкаўся з тым, што людзі самі не саступаюць дарогу веласіпедыстам. Звоніш ім, а яны далей спакойна ідуць. На мой погляд, гэтую праблему можна вырашыць толькi за кошт павагі адзін да аднаго.
Барыс, ровар выкарыстоўвае амаль штодня
– Калі ўжо на тое пайшло, то можна проста рукамі пракаціць ровар да канца моста, але ніяк не пераносіць на іншы бок. Мне здаецца, наўрад ці знойдуць агульную мову веласіпедысты і пешаходы, бо людзі ў нас зусім розныя. Што тычыцца аднабаковага руху, то тыя хто з роварамі, стануць пераходзіць толькі пры адной ўмовы – калі там будзе спецыяльны з’езд. Ды і то мне здаецца, што мала хто захоча пераходзіць.
Ягор, на ровары ездзіць кожны дзень
– Чыста тэарэтычна можна было б пасунуць слупы, тады праблем пры праездзе было б значна менш. Гэта затратна, але праблему можна было б вырашыць. Калi што, то пераносіць ровар на другі бок не буду, буду катацца па тым, на якім мне зручна.
Цімур, роварам карыстаецца рэдка
– Я часта хаджу па мосце, бывае нават езджу на ровары. Выдатна разумею абодва бакі. Для веласіпедыстаў гэта будзе не вельмі зручна, бо няма прыстасаванняў, каб пераходзіць на другі бок, а ў руках несці не кожны захоча. Але ж калі для веласіпедыстаў зробяць адзін бок, то будзе зручна ўсім і не будзе ўзнікаць канфліктных сітуацый. Я заўважыў, што ўсе ездзяць у асноўны па баку Прыёрбанка і думаю, няшмат хто захоча губляць свой час і пераходзіць на iншы бок. Так што, калі адкрываць для веласіпедыстаў частку, то тую, якая з боку банка.
Аляксей, роварам не карыстаецца
– На ровары я не езджу. Думаю, праблему можна вырашыць двума спосабамі. Першае: веласіпедысту трэба злазіць са свайго транспарту, каб пераадолець мост. Другое: пры адсутнасці людзей рухацца веласіпедыстам з мінімальнай хуткасцю. Трэба ўкараняць правілы паводзін на мосце – паважаць адзін аднаго, а калі трэба будзе, то прапісаць у заканадаўстве правільныя спосабы перамяшчэння па вузкіх мастах.
Грамадская арганізацыя раварыстаў “Велогродно” выступіла супраць новаўвядзенняў на Старым мосце. Некалькі дзён таму актывісты веларуху адправілі ліст у гарадзенскую ДАІ.