“Хто скончыць “Нёман” – будзе добрым спартсменам”. У Гродне далі старт міжнароднай велагонцы

|

Першы этап спаборніцтваў адкрылі каля гандлёвага цэнтра “Фламінга” на Фолюшы. Там прайшла групавая гонка на дыстанцыі ў 85 кіламетраў (5 кругоў па 17 кіламетраў). Маршрут руху праходзіў па вуліцы Вольгі Соламавай, праз Тарусiчы, Суворава i зноў па Соламавай.

 

Ужо ў пятніцу, 22 ліпеня, у 10.00 стартуе другі этап. Гонка на час пройдзе на дыстанцыі 18,5 кіламетраў. Стартуе яна ў вёсцы Трычы (механічны двор), далей пройдзе ў кірунку вёскі Сафіева з паваротам направа на вёску Канюхі.

 

Дыстанцыя трэцяга этапу велагонкі складзе 85 кіламетраў. Яна пачнецца ў той жа дзень у 15.30. Групавая гонка пройдзе з плошчы Тызенгаўза па вуліцы Горкага, БЛК, вуліцах Болдзіна і Вясновая, завулку Паповіча, вуліцы Савецкіх памежнікаў, мікрараёну “Ласосна”, вёсках Подлабенне, Рацічы, Лабна-Агароднікі, Трычы, Тарусiчы, Караліно, Чэхаўшчызна, Каробчыцы і да пункта пропуску “Брузгі”.

 

У Брузгах на гадзіну прыпыняць рух праз мяжу

 

На дадзеных участках будзе абмяжоўвацца рух транспарту. ДАІ просіць кіроўцаў улічваць дадзеную акалічнасць пры выбары маршрутаў руху.

 

У суботу 23 ліпеня будзе дадзены старт чацвёртага этапу гонкі. Па маршруце Саколка – Беласток спартсмены павінны будуць пераадолець 85 км. 24 ліпеня пройдзе пяты этап – 60 км па вуліцах Беластока. Таксама ў гэты дзень пройдзе падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне.

 

 

Усяго ў спаборніцтвах прымае ўдзел больш за 80 спартсменаў. Дырэктар велагонкі з польскага боку Вальдэмар Ляшчынскі распавядае, што ў Польшчы кажуць: “Хто скончыць гонку “Нёман”, той у будучыні зможа стаць добрым спартсменам”.


“Гэта ўжо 29-я па ліку велагонка. Яе арганізатарамі з’яўляюцца гарадзенскi і беластоцкi бакi. Адзін год старт праходзіць у Беластоку, адзін у Гродне, і так яны чаргуюцца. Прымаюць удзел толькі юніёры, сёлета гэта асобы 1998-2000 гадоў нараджэння. Найлепшы спартсмен атрымае 24 ліпеня ў Беластоку жоўтую майку лідара. Гэта гонка сяброўства Гродна і Беластока, у ёй прымала ўдзел шмат добрых спартсменаў, якія ў будучыні дамагліся вынiкаў на чэмпіянатах Еўропы, свету, на Алімпіядзе”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >