“Трэба зашкляць, але грошай няма”. У самым высокім доме на Ажэшкi некалькі месяцаў не могуць скончыць рамонт

|

Калі заключаўся дагавор паміж жыхарамі і будаўнікамі, быў складзены пашпарт будаўніцтва, дзе было пазначана, што капітальны рамонт дома скончыцца 19 красавіка. Прайшоў красавік, але будаўнічая арганізацыя вымушаная была працягнуць працы яшчэ на некалькі тэрмінаў. У дамове было прапісана, што балконы зашкляць усім аднолькава. Цяпер жа высветлілася, што на гэтыя працы ва ўладаў не аказалася грошай і шкліць, магчыма, будуць за кошт жыхароў, ці ўвогуле не будуць . Да рамонту тут былі зашклёныя каля паловы балконаў.


“Гэта проста жах, нам разбілі ўвесь дом, на балкон не выйсці ўжо больш за паўгода. На нашы скаргі кажуць, што грошай у бюджэце няма. У нас былі добрыя балконы – шклопакеты, але іх дэмантавалі згодна з праектам. А цяпер нам прапануюць іх вярнуць, толькі ўжо за свае грошы, хоць нам і казалі, што шкленне будзе за кошт дзяржавы”, – распавядае жыхарка дома Ганна.

 

На будаўнічым стэндзе ёсць выява таго, якім дом павінен быць пасля рамонту. Бачна, што ён мае быць цалкам зашклёным.

 


“У лістападзе на сходзе жыхароў нам усё так прыгожа распавялі, паказалі праекты. Людзі падпісалі паперы, дзе ішла гаворка пра дэмантаж зашклёных балконаў і пра тое, што яны не будуць выходзіць на адкрытыя балконы да заканчэння рамонту. Будоўля зацягнулася і ўсё апынуліся падманутымі. Мне незразумела, чаму гарадскія ўлады выдзяляюць грошы на дамы пабудаваныя ў 1990-х гадах, а на дамы, якія былі пабудаваны раней, яны з цяжкасцю знаходзяць фiнансаванне. Мы ўжо восем месяцаў на балконы не выходзім, але да нас нікому няма справы”, – дадала Ганна.

 

Будаўнікі, якія займаюцца капрамонтам, самі дакладна не ведаюць, што будуць рабіць далей, апошняя іх задача – дафарбаваць дом і чакаць далейшых указанняў.


Людзі абураюцца, бо хочуць, каб Гродна, і іх дом у прыватнасці, выглядаў прыгожа, у тым ліку, каб ён быў зашклёны, кажа начальнік аддзела тэхнагляду за капрамонтам жылога фонду ЖКГ Вадзім Кірык-Маставой. Чаму людзі незадаволеныя? Начальнік тлумачыць, што з 60 млрд рублёў, якія вылучылі на рамонтныя працы па ўсім горадзе, за першае паўгоддзе з бюджэту далі толькі 17 млрд. Можам рабіць высновы.

 

Жыхароў дома такія адказы не задавальняюць: яны збіраюць сходы і абдумваюць далейшыя планы.

 


“Мы плацілі 40 гадоў за капрамонт, а ў іх, аказваецца, раптам грошы скончыліся. Нам трэба будзе вырашыць праблему да выбараў [11 верасня], а калі не вырашым, то будзем карміць дзяржаву да 2018 года. Навошта нам такая ўлада, якая нічога не робіць?” – падзяліўся думкай пенсіянер.

 

Як аказалася, згодна з пастановай Савета Міністраў №324, якая вызначае адзіныя падыходы да правядзення, планавання і фінансавання капітальнага рамонту, шкленне дамоў з 21 красавіка 2016 года ажыццяўляецца не за кошт дзяржавы, а за кошт жыхароў.

 

“Мы чулі пра пастанову, дзе пазначана, што шкленне не ўваходзіць у капітальны рамонт. Яны пачакалі і кінулі нас. А цяпер, каб зашкліць адзін балкон, нам трэба 20 млн – гэта толькі маленькі балкон. Іншыя ў два разы больш”, – сказала Ганна. Праўда, дамову жыхары падпісалі, а працы пачаліся яшчэ да ўступлення ў сілу пастановы.

Начальнік будаўнічага ўчастка, прадстаўнік слонімскага будаўнічага холдынгу “Зодчий”, які з’яўляецца падрадчыкам, распавёў, што з вялікай верагоднасцю зашкляць дом не будуць. Гэта патрабуе вялікіх выдаткаў, а грошай на гэта няма ні ў бюджэце, нi ў жыхароў.

 

“У ЖКГ кажуць, што, магчыма, у наступнай чарзе зробяць, бо ў бюджэце цяпер няма грошай. Мы ж зараз чакаем металаканструкцыю, каб зняць бетонныя агароджы i зашыць ніз балконаў. І на гэта сыходзяць вельмі вялікія грошы, а шкло наогул яшчэ даражэй. Самі будаўнікі не могуць атрымаць свае заробленыя грошы, так што шкленне дома стаіць пад вельмі вялікім пытаннем”.

 

 

Дом па вуліцы Ажэшкі, 40 быў пабудаваны ў 1975 годзе і мае 55 кватэр. Першы капітальны рамонт пасля будаўніцтва дома пачалі праводзіць толькi ў 2016 годзе.