“Прыехала, каб знайсці саму сябе”. Як гарадзенка пераехала ў Штаты каб стаць спявачкай
“З’ехаць у Штаты – мэта жыцця”
Ужо ў чатыры года, назіраючы за галівудскiм жыццём па тэлебачанні, Рыма ведала, што аднойчы з’едзе туды і стане адной з зорак. Але гарадзенка не з тых шчасліўчыкаў, што выйгралі грын карту або ўдала выйшлі замуж за замежніка. Яна думала рэальна і разумела: калі не дзейнічаць самой, нічога не атрымаецца.
“Пасля школы я паступіла ў БДУ толькі з адной мэтай – з’ехаць летам па праграме “Work and travel”. Але ў 2012 годзе жыццё вырашыла пагуляць са мной: у візе мне адмовілі. Гэта мяне не спыніла, я зноў падала заяўку. У 2013 годзе ў Маскве адмаўлялі ў візах амаль усім, але не мне. Я трапіла ў шасцёрку шчасліўчыкаў сярод 60 кандыдатаў. Было складана паверыць у гэта шчасце”.
Рыма прыляцела ў Штаты 2 чэрвеня 2013 года. Першым горадам, які ўбачыла дзяўчына, быў Нью-Ёрк, пра які яна марыла ўсё жыццё. Але спачатку ён яе вар’яцка расчараваў.
“Неўзабаве пачынаеш разумець, што тут шмат праблем, мінусаў і складанасцяў, але, тым не менш, усё, што ты тут робіш, мае сэнс. Ты старанна працуеш, але ведаеш, што табе гэта ўсё аддасца. Думаю, трэба было гадоў у 14-15 ехаць у Маскву на “Фабрыку зорак”, мне здаецца, там бы ўсё выйшла і было б прасцей у будучыні. Але па той бок акіяна я не асабліва прыкладала шмат намаганняў для музычнага развіцця. Была ўпэўненая, што там нічога не выйдзе. У нашай краіне мала ўвагі надаецца гэтай сферы. Няма ніякіх магчымасцяў быць пачутым за мяжой, што я лічу найважнейшым”.
“Музыка музыкай, але адукацыя не будзе лішняй”
Калі Рыма створыць першы паўнавартасны альбом, то будзе адпраўляць яго на розныя лэйблы. Зараз гарадзенка зацікаўлена выступаць на ўсякіх мерапрыемствах проста з пагадзіннай аплатай. З яе слоў, у Лос-Анджэлесе шмат такіх варыянтаў для тых, хто хоча паволі прабівацца.
“Я збіралася на гэты сезон шоў “Голас”, але з прычыны шчыльнага графіку не атрымалася. У наступным сезоне буду ўдзельнічаць. Нядаўна стварыла свой блог на Youtube, але пакуль яго яшчэ не раскруціла. Запісвала свае песнi ў студыі Sunset sound у Галівудзе, дзе выйшла ў свет мноства годных альбомаў вядомых выканаўцаў”.
Гарадзенка распавядае, што ў ЗША шлях да славы таксама доўгі, і там няма людзей, якія жывуць ружовымі марамі пра музыку і кіно. Розніца ў тым, што ў рознай ступені яны ўсе гэтым і займаюцца. Хай пра іх не ведае ўвесь свет, але яны займаюцца любімай справай. Пры чым гэта справа добра аплачваецца, хай нават ты проста будзеш спяваць у барах.
“Я зараз працую на запраўцы мэнэджарам. Адказваю за дастаўкі, папяровую працу, таксама падзарабляю кур’ерам. Праца часам сутыкае са знакамітасцямі. У ліку знаёмых ёсць акцёр Марлон Уайанс, з якім сядзела ў яго дома на галівудскіх пагорках і ён казаў ніколі не здавацца ды ісці да сваёй мэты. Таксама я падаю дакументы ў Los Angeles City College на журналістыку, таму што разумею – музыка музыкай, але ты ніколі не ведаеш, як складзецца жыццё. Трэба мець адукацыю, тым больш амерыканская адукацыя тут вельмі важная. Хачу паспрабаваць сябе валанцёрам у “New York Times”.
“Нашы – як родныя. Да іх цягне”
Рыма распавядае, што ў ЗША перашкодаў вельмі шмат, асабліва з працай не ўсё так лёгка, як многія думаюць. Там няма завоблачных грошай, пра якія таксама ўсё кажуць. Але, у адрозненне ад Беларусі, калі чалавек там рэальна старанна працуе, то і атрымлівае адпаведна.
“Людзі іншыя. Так прыемна не бачыць хмурых асоб кожны дзень. Раз на раз не прыходзіцца, сустракаюцца дзіўныя і вар’яцкiя людзі, у асноўным цемнаскурыя, але тут не адчуваецца ціску з боку людзей. Няма такога як у нас: усё адзін аднаго абмяркоўваюць, хамяць у крамах. Калі я ў Заходнім Галівудзе раней жыла, а там у асноўным рускія жывуць, ды заязджала ў краму купіць добрых прадуктаў з Беларусі ці Расіі, то быццам апыналася ў СССР. Імкнуся пазбягаць такіх месцаў. Як кажуць, людзі з савецкіх краін пераязджаюць сюды і ўсё сваё цягнуць з сабой.
Тым не менш, майго ўзросту людзi становяцца тут роднымі, як ніколі. Цягне тут да сваіх. Не ва ўсіх так, у мяне так. Амаль не маю зносін з карэннымі амерыканцамі: з якой заўгодна нацыянальнасцю, але не з амерыканцамі. Ёсць адзін сябар, які трохі змог мой стэрэатып пра іх разбурыць, але гэта адзіны чалавек. Астатнія амерыканцы дурныя, занудныя, не цікава мне з імі. На іх як нельга спадзявацца. Нешта тыпу “кожны сам за сябе”. Я люблю нашых за тое, што яны ведаюць, што такое сяброўства і каханне. І ніколі не падвядуць”.
Стаўленне ў ЗША да выхадцаў з постсавецкай прасторы добрае. Рыма распавядае, што рускіх, беларусаў і украінцаў за акіянам лічаць вар’яцка мэтанакіраванымі і моцнымі людзьмі.
“Амерыканцы, якія маюць усё для будовы годнай будучыні, лічаць за лепшае застацца, напрыклад, бамжом і радавацца штомесячнай дзяржаўнай дапамозе. А бамжоў тут проста цьма. У той жа час нашы прыязджаюць без дакументаў, без асаблівых зберажэнняў і з нуля тут усяго дамагаюцца. Мяне перапаўняе гонар за нашых у Амерыцы. Усе вядуць годнае жыццё, і ўсё роўна, яна афіцыянты, ці ўжо займаюць пасады вышэй, яны заўсёды выглядаюць і паводзяць сябе годна. Таму ўсе да нас так і ставяцца.
Шкада, што многія амерыканцы не ведаюць краіну Беларусь, даводзіцца ім тлумачыць і распавядаць. Аднак адзін з маіх знаёмых-амерыканцаў нават ведаў Гродна, бо ён з Філадэльфіі, а там шмат гарадзенскіх жыве. Ён нават ведаў, што нашы ездзяць у Беласток закупацца”.
Кожны дзень, прачынаючыся ў Беларусі, марыла прачынацца не там
Дзяўчына ў Беларусі не была ўжо больш за два гады. У яе пакуль няма магчымасці сюды паехаць, і яна хоча верыць, што бліжэйшым часам да яе ў госці прыедзе мама. Але калі Рыма сама калi-небудзь прыедзе ў Беларусь, то яна ўпэўненая, што ў яе будзе культурнай шок.
“Калі баяцца, то можна праседзець на адным месцы ўсё жыццё, жывучы ілюзіямі. Амерыка – не ідэальнае месца. Але яна мяне прыцягвала заўсёды. Гэтым рытмам жыцця, гэтай бязмежнасцю, свабодай. У кожнага ёсць такое месца. Кожны дзень, прачынаючыся ў Беларусі, я марыла прачынацца не там. І не магла дазволіць сабе жыць там, дзе я не адчувала сябе шчаслівай. Я прыехала сюды не за заробкамі, як многія робяць, я прыехала, каб знайсці саму сябе, і я знайшла. Зараз, прачынаючыся, я гляджу на вуліцу і разумею, што я там, дзе павінна быць.
Заклікаю людзей не баяцца, бо шмат паражэнняў і няўдач будзе на шляху, але ж чым складаней шлях, тым канкурэнтаў менш. І заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца дадому, але паспрабаваць абавязкова варта. Шчыра зайздрошчу тым, хто бачыць сваё жыццё ў Беларусі і не хоча нікуды пераязджаць. Калі б я была гэткай жа, мае блізкія людзі заўсёды былі б побач. Але, на жаль, жыццё распарадзілася інакш. Я ні кропелькі не шкадую. Усім жадаю аднойчы змагацца за тое, чаго яны хочуць. Бо няма нічога больш прыгожага, чым дасягаць жаданых вынікаў, а не проста плыць па плыні”.