Папярэджаны – значыць, абаронены. Мабільны дадатак ад МНС дапаможа ў надзвычайных сітуацыях
“Пяць крокаў да ратавання” – прынцып, па якім арганізавана інфармацыя ў мабільным дадатку. У раздзеле “Што рабіць?” сабрана больш за 50 тэмаў магчымых надзвычайных здарэнняў. “Гэта як сітуацыі сезоннага характару, кшталту паводкі, снегападу ці навальніцы, так і пабытовыя, калі разбілі дома градуснік ці ўзнік пажар”, – распавёў Сяргей Шпарло.
У дадатку ёсць інтэрактыўная мапа, на каторай можна адсачыць змены надвор’я і штармавыя папярэджанні ад Гідраметцэнтра. Разам з гэтай інфармацыяй можна атрымаць рэкамендацыі ад ратавальнікаў, як паводзіць сябе ў такіх умовах. Распрацоўвалі інтэрактыўную мапу прадстаўнікі МНС, Чырвонага Крыжа і агенцтва Белта з улікам досведу цыклона “Хаўер”. На выпадак падобных буйных здарэнняў прыроднага характару адміністратар адкрые карыстальнікам дадатковую кнопку “Паведаміць аб надзвычайнай сітуацыі”. А кнопка званка на лініі 112 даступна ўвесь час.
Дадатак дае магчымасць прайсці тэсты ў раздзеле “Правер сябе”. Бацькі таксама могуць пратэставаць дзяцей, каб спраўдзіць, ці ведаюць малыя аб правілах паводзін у нестандартных сітуацыях. Праграма дае магчымасць параўноўваць свае вынікі з іншымі карыстальнікамі і адсочваць уласны прагрэс у засваенні карысных ведаў.
Калі ж праграма ацэніць веды як недастатковыя, то карыстальнік атрымае параду пачытаць пэўныя часткі раздзела “Энцыклапедыя”. Зрабіць гэта варта заранёў, не чакаючы, пакуль “грымне гром”. Бо карыстацца мабільнікам пад час навальніцы ратавальнікі акурат не раяць.
Мабільны дадатак “МЧС Беларуси: Помощь рядом” з’явіўся ў маі. Ад таго часу праграму ўсталявалі больш за 10 000 асобаў, больш за 400 карыстальнікаў пакінулі водгукі. Спампаваць дадатак можна ў Google Play. Усталяваўшы праграму грамадзяне змогуць своечасова атрымаць карысную інфармацыі і падрыхтавацца да магчымых надзвычайных сітуацый, мяркуе Сяргей Шпарло. А папярэджаны – значыць таксама абаронены.