Ратавальнікі ствараюць у Лідзе інавацыйны “Цэнтр бяспекі”
Стварэнне шэрагу адукацыйных “Цэнтраў бяспекі” прадугледжваецца дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця. Першы стварылі ў 2014 годзе ў Гомелі на базе ліцэя пры інжынерным інстытуце МНС Беларусі. Там змадэляваны інтэрактыўныя пляцоўкі па рэагаванні на пажар у жылым памяшканні, па адпрацоўцы паводзін у лесе, пры стыхійных бедствах, эвакуацыі пры задымленні, па спосабах карыстання сродкамі тушэння пажару.
Мяркуецца, што пры стварэнні Лідскага цэнтра бяспекі вопыт папярэднікаў будзе выкарыстаны і пашыраны. У вялікіх памяшканнях на даху плануецца стварыць дымакамеру, з якой трэба будзе самастойна эвакуявацца. У басейне будуць адпрацоўвацца навыкі ратавання на вадзе, а ў медыцынскім кабінеце можна будзе патрэніравацца аказваць першую дапамогу на манекенах. Іншыя сітуацыі, напрыклад, кіраванне аўтамабілем у галалёд, будуць змадэляваны ў камп’ютарных праграмах.
Са словаў Сяргея Шпарло, мяркуецца самае шырокае выкарыстанне новай адукацыйнай пляцоўкі – ад заняткаў па бяспецы жыццядзейнасці для школьнікаў да праходжання пажарнага мінімума супрацоўнікамі вытворчасці і нават наведванне цэнтра экскурсантамі. Кожны ахвотны будзе мець магчымасць практына засвоіць навыкі бяспечных паводзін у надзвычайнай сітуацыі.
Здымкі са старонкі “Цэнтра бяспекі” пры Гомельскім ліцэі пры інжэнерным інстытуце МНС і з Лідскай газеты.