У цішыні, але не ў крыўдзе. Як гарадзенка выхоўвае глухога ад нараджэння сабаку

“Гэта меў быць сюрпрыз”


“Па дакументах сабаку завуць Сага, а ў жыцці мы называем яе Сашка, – распавядае Каця пад час шпацыру, – Яе мне падарыў сябар”. Шчанюк меў добрую радаслоўную і выглядаў выдатна. Раней у Каці таксама былі сабакі, але заводзіць новага гадаванца яна не наважвалася. Жыццё ў сабак не такое доўгае, перажыць растанне з апошнім сабакам было цяжка. “Гэты падарунак меў быць  сюрпрызам”, – узгадвае дзяўчына.

 

Праз колькі дзён Каця заўважыва, што шчанюк не адгукаецца на імя, а на вуліцы ўвесь час “ходзіць за нагамі”. Але на пачатку спісала гэта на малы ўзрост і недасведчанасць. Дакладна стала ясна, што сабака не чуе, калі паляўнічыя прапанавалі праверыць рэакцыю на стрэл. Рускія спаніэлі – паляўнічыя сабакі. Для іх выхавання і дрэсуры такія рэчы важна ведаць. Сага-Сашка на стрэл не рэагавала ніяк – ні зблізу, ні здалёк. Не пачуў сабака нават ультрагукавага свістка. Ад гэтага моманту сумневаў больш не было – жыццё сабакі пройдзе ў поўнай цішыні.

  

 

 

“Стрэс, шок і паніка”


“Гэта былі стрэс, шок і паніка”, – узгадвае той час Каця. Пытанне аб тым, каб пазбавіцца аб шчанюка, не ўзнікала і не разглядалася. Але трэба было думаць, як выхоўваць сабаку і трымаць сябе з ім, каб не ператварыць жыццё ў суцэльнае трыванне: “Як зрабіць, каб ёй было максімальна камфортна, каб яна не стала дзікай ці агрэсіўнай, каб не замкнулася ў адзіноце, змагла адаптавацца да людзей…”. Каця шукала парады ў сеціве, раілася з сябрамі і спецыялістамі. Галоўная выснова: трэба як мага больш выводзіць сабаку “ў свет”, напрацоўваць досвед кантактаў з людзьмі і навакольным асяроддзем. “Ад той пары і павялося, што мы амаль увесь час разам і на людзях”.

 

Гладзіць можна!


“Сашка стала сабакам, каторага ўсім можна гладзіць”, – усміхаецца Каця. Асаблівую радасць гэта выклікае, канечне, у дзяцей: ім заўсёды цікава памацаць вушкі, патрымаць за лапу ці нават дакрануцца да носа. Для Сашкі гэта таксама карысна: у глухога сабакі нашмат менш магчымасцяў камунікацыі са светам, таму ён увесь час шукае візуальнага або такцільнага кантакту. Дабрадушнасць сабакі таксама ў пэўным сэнсе наступства фізічнай глухаты. “У яе менш знешніх раздражняльнікаў, таму яна не агрэсіўная”, – разважае Каця і смяецца, што за гэты час стала “сабачым псіхолагам”.

 

“Мінус у тым, што нельга крыкнуць”Фу!”


Як выбудоўваць камунікацыю з сабакам, каторы не чуе, падказалі кінолагі. Пэўнай “мовы” з агульна-сабача-зразумелымі жэстамі не існуе. Каця разам з Сашкай стваралі свае словы-жэсты самастойна. Спецыялісты падказалі, што гэтыя словы трэба ўмець “злавіць” – быць уважлівай да таго, як сабака рэагуе на пэўныя жэсты і замацоўваць патрэбныя рэакцыі праз паўтарэнне. Зараз у “лексіконе” Сашкі ёсць дастатковы шэраг камандаў, што дазваляюць выбудоўваць паўнавартасныя стасункі.

 

 

Мінус у тым, што нельга ў любы момант крыкнуць”Фу!”, калі прыходзіцца даводзіць сабаку, што нельга цягнуць у рот падабранае з зямлі. Каб паведаміць нешта, трэба ўвайсці ў поле зроку Сашкі, прысесці, жэстыкуляваць, ці злавіць позірк. А сабака, калі не вельмі хоча слухацца, можа пачаць хітрыць і адварочваецца. Гэтыя свавольствы, паводле Каці, больш падобныя на пачуццё гумару сабакі. Бо яе інтуіцыя і здольнасць да сунастройкі выклікаюць у дзяўчыны толькі захапленне: ”Нават не здагадвалася раней, што глухі сабака можа стаць такім адчувальным сябрам. Яна ловіць усе адценні майго настрою. А яе інтуіцыя, бясспрэчна, у разы мацнейшая за маю. Сашка вельмі далікатная і ўважлівая да ўсіх, асабліва да дзяцей. Ніколі не падбяжыць знянацку, не пачне кідацца”.

 

“Увесь час з ёй размаўляю…”


Каця распавядае, што ніколі не разглядала свайго сабаку як непаўнавартаснага: “Яна проста асаблівая”. Свае намаганні дзяўчына скіроўвала на стварэнне для асаблівай сяброўкі адпаведнага асяроддзя. “Аўтамабілі і агрэсіўныя сабакі – гэта тое, што можа быць небяспечным для яе, – адзначае Каця – я проста бяру гэта пад увагу”. Сашка, між тым, асаблівых небяспек не бачыць – яна любіць катацца ў машыне і  паўнапраўна перагаўкваецца з суседскімі сабакамі на выгуле. Калі хто не ведае пра асаблівасці Сашкі, то здагадацца амаль немагчыма. Каця ведае пра гэта дакладна, яле на стаўленне да сабакі гэта не ўплывае: “Я ўвесь час з ёй размаўляю, – усміхаецца дзяўчына. – Ёсць надзея, што яна мяне чуе і разумее”.

 

Здымкі аўтаркі