У Гродне спартсмены ўпершыню прабеглі начную дзясятку

|

Пераадолець кросавую дыстанцыю ў цемры было не проста. На першым коле, зазначалі многія ўдзельнікі, беглі больш павольна, каб пазнаёміцца з трасай і сапернікамі. Праца “на вынік” пачыналася пасля. Начных трэніровак, са словаў Аляксея Чамаданава, кіраўніка руху “Run4fun” у Гродне і ўладальніка другога месца спаборніцтваў, спартсмены не праводзілі – трэніраваліся ў звычайным рэжыме.

 

 

Паводле Ігара Цецерукова, абсалютнага пераможцы трасы, начныя спаборніцтвы больш падобныя да свята: ”У цемры бегчы з вялікай хуткасцю не атрымліваецца, на рэкордныя паказчыкі разлічваць не варта. Але начны бег дае адчуванне незвычайнасці,  драйву. Гэта супер!”

 

 

 

Святлана Ленкавец, пераможца трасы сярод жанчын, дадае, што для спартсменаў каштоўныя не толькі ўзнагароды, але і атмасфера падзеі, яе энергетыка. У першым начным забегу стварыць святочны настрой атрымалася. Што да трасы, то яна нечаканасцяў не прынесла: “Пад горку бегчы цяжка, з горкі – лягчэй”, – усміхаецца  Святлана.  Для яе спроба прабегчы крос у начы не першая – гарадзенская спартсменка мае досвед спаборніцтваў па начным арыентаванні.

 

 

На думку самага сталага сярод пераможцаў, Андрэя Каранкевіча, начны забег стаў выпрабаваннем не толькі спартыўнай загартоўкі, але і асабістых якасцяў спартсменаў: “Прабеглі на маральна-валявых”, – кажа ён.

 

 

На закрыццё спаборніцтваў кіраўнік упраўлення спорту і турызму вобласці і ўладальнік срэбра ў сваёй катэгорыі Алег Андрэйчык запрасіў удзельнікаў наступным разам прыводзіць на прабегі больш сваіх сяброў. “Бег – самы даступны від спорту!” – адзначыў ён, а незвычайныя спаборніцтвы прызначаны спрыяць яго распаўсюду. 

 

 


 

Здымкі аўтаркі