З акцыяй салідарны, але паеду на аўто
Анатоль Б.: “Сёння планаваў прыйсці на працу пешшу, але давялося браць ноут-бук, таму паехаў на аўтамабілі. Але пра акцыю не чуў раней. Калі б пачуў, напэўна, далучыўся б. Хаця і так далучаюся часам з-за фінансавага крызісу, ну і з-за экалагічных меркаванняў. Акцыю падтрымліваю”.
Ігар Л.: “Па-першае, мне проста ўдзельнічаць, я не карыстаю аўтамабілем, які ёсць самым вялікім чыннікам забруджвання атмасферы – не заводы. Ладзіць такія дні ёсць сэнс, бо тады ўлады праводзяць хоць нейкую агітацыйную палітыку, бо так ніхто нічога не кажа людзям. Праўда, большасць пра акцыю пачуюць хіба толькі сёння”.
Юра С. “Удзельнічаю ў акцыі. Паведамілі пра гэта на працы папярэдне і з задавальненнем далучыўся. Прыехаў на працу на ровары. Увогуле часцей карыстаюся роварам, аўто маю толькі 2 месяцы. Але прытрымліваюся экалагічнай пазіцыі і салідарны з тымі, хто сёння не сядае ў аўто. Думаю, людзям усё роўна з большага – ладзіцца такая акцыя ці не.”
Дар’я Ф. “Дзень аўтамабіліста – гэта файна. Прынцыпова далучылася б, але мушу адвезці з вёскі ў горад сына. Сэнс у акцыі, вядома, ёсць, калі яна асвячаецца ў СМІ. Тады ўвага прыцягваецца да праблемы. Але пры гэтым варта было б паралельна заняцца развіццём і раскруткай грамадскага транспарту, каб ён не такі шкодны быў. Бо сёння адзін “Ікарус” робіць выхлапу напэўна як 10 аўтамабіляў”.
Праўда, плыні раварыстаў на вуліцах горада не было заўважана. Каб яшчэ раз звярнуць увагу на гэты від транспарту, сёння ў 19 гадзін з Савецкай плошчы ад’едуць раварысты з марлявымі павязкамі на тварах. Калону будуць суправаджаць супрацоўнікі ДАІ на аўтамабілях. Сэнс акцыі, тлумачыць адзін з яе арганізатараў Іван, у тым, каб паказаць ровар як экалагічна чыстую альтэрнатыву аўтамабілям і аўтобусам. ДАІшнікі самі прапанавалі арганізатарам “Крытычнай масы” правесці і падтрымаць гэтую акцыю ў Дзень без аўтамабіля.
Здымак Госі Марчык