Сезон скончыўся, а забавы працягваюцца. Тэатр лялек у святочным настроі сышоў на канікулы

|

 

Хаця закрыццё сезона гэта раставанне з любімымі артыстамі і іх героямі, назваць імпрэзу сумным святам было немагчыма. Казачныя героі забаўлялі дзяцей конкурсамі, задавалі пытанні і распавядалі смешныя гісторыі. Малыя маглі паспрабаваць кіраваць сапраўднымі лялькамі ці замовіць аква-грым.

 

 

Свае пажаданні акторам гледачы пісалі на папяровых карабліках. “Дзеці зычылі здароўя, дабрабыту, творчых поспехаў, новых роляў і цікавых прэм’ер, – распавёў актор Васіль Прабадзяк. – А яшчэ ўсе дзякавалі, што мы ёсць”.

 

 

Што да канікулаў, то паводле актора, артысты не адрозніваюцца ад звычайных людзей. “Як адпачываюць артысты? Спяць да абеду, пякуць пірагі, бегаюць на рыбалку ці ў грыбы, загараюць на моры, ездзяць на лецішчы ці ў вёску да сваякоў, робяць рамонты… Галоўнае для актора ў адпачынку – змена дэкарацый”.

 

Пляцоўка каля тэатру, аднак, не будзе пуставаць і ў час тэатральных вакацый. Эстафету летніх забаваў абяцаюць працягнуць крама настольных гульняў “Кубік” і кавярня “Шэкспір”. Антон Янкоўскі з “Кубіка” распавёў, што кожныя выходныя тут можна будзе бясплатна пагуляць у настолкі.

 

 

“Рыхтуем праграму “Жнівень з цмокамі”, прымеркаваную да выхада новай гульні “Гаспадар цмокаў”. Яе прэзентацыя адбудзецца 6 жніўня, а потым будзем працягваць знаёміць ахвотных з яе правіламі і героямі, а таксама гуляць у тыя гульні, што палюбіліся нашым наведвальнікам”.

 

“Шэкспір” абяцае і надалей радаваць наведвальнікаў торцікамі, пірожнымі і напоямі. А па вечарах у выходныя працягне паказваць на вуліцы фільмы з сусветнай кінакласікі – “тое, што не заўжды зараз можна пабачыць у кінатэатрах”.

 

 

Марыя Шабашова, дырэктарка тэатра, развітваючыся з супрацоўнікамі і гледачамі да пачатку новага, 36-га сезона, кажа, што ўжо мае план працы на наступны сезон: “Будуць і новыя фестывалі, і цікавыя гастролі, і незвычайныя госці”. Увосень у Гродна прыедуць з гастролямі Тэатр юнага гледача з Мінска і Варшаўскі тэатр лялек, а гарадзенскіх лялечнікаў запрасілі паўдзельнічаць у тэатральным форуме ТЕАРТ.

 

 

Больш познія планы дырэктарка пакуль трымае ў сакрэце, каб не здраджваць сюрпрызаў. Але яна паведаміла, што на адкрыцці 36-га сезона, якое адбудзецца 4 верасня, гарадзенцы пабачаць адноўленую п’есу “Залаты ключык”.

 

 

Здымкі аўтаркі