“Наносіць татуіроўку больш балюча, чым ад яе пазбаўляцца”. Тату-майстар распавядае, як выдаляе малюнкі на целе
У Гродне ёсць некалькі салонаў, дзе можна гэта зрабіць. Карэспандэнт “Твайго стылю” пагаварыў з майстрам Дзянісам, які працуе ў “Тринадцатом цикле”. Дзяніс навучаўся ў Расіі і карыстаецца найноўшай тэхнікай.
Ад олдскула да вышыванкі. Якія тату робяць гарадзенскія майстры і хто карыстаецца іх паслугамі
Чым выдаляюць татуіроўкі?
“У нашай студыі выкарыстоўваецца неадымавы лазер К101 – новы клас лазера, які выкарыстоўвае метад селектыўнай фотакавiтацыi. Ён дазваляе без шрамаў асвятляць і нават выдаляць няўдала выкананы перманентны макіяж або непажаданыя татуіроўкі”, – кажа Дзяніс.
Лазер уздзейнічае на пігментныя плямы, руйнуючы іх структуру і не пашкоджваючы скуру. Лазерная сістэма выпраменьвае альбо інфрачырвонае, альбо зялёнае святло вельмі кароткімі імпульсамі. Успышка святла па часе доўжыцца ўсяго мільярдныя долі секунды і эфектыўна разбурае пігмент чырвонага, карычневага, сіняга, чорнага і іншага колеру або адцення. Фрагменты фарбавальніка выводзяцца з арганізма лімфатычнай сістэмай. У выніку пігмент страчвае колер і татуіроўка знікае.
Колькі часу трэба і якія тату выдаліць амаль немагчыма?
“Колькасць працэдур лазернага выдалення татуіровак залежыць ад якасці фарбавальніка, глыбіні, шчыльнасці яго залягання ў скуры. У сярэднім выдаленне складаецца з 4-7 працэдур. Выдаленне перманентнага макіяжу – 2-3 працэдуры. Добра сыходзяць малюнкі, нанесеныя сіняй тушшу або адмыслова прызначанымі для татуажа фарбамі. Даўжэй выдаляюцца татуіроўкі, набітыя з рубцовымi зменамі скуры або са шрамамі, якія ўзніклі ў выніку няўдалых спробаў выдаліць фарбавальнік іншым спосабам. Цяжэй абясколерыць траўматычны татуаж і “майстэрствы”, нанесеныя “жжонкай” – растворанай сажай гумы. Гэта вельмі буйныя ўнутрыскураныя фрагменты. Найгоршы варыянт – татуіроўка, набітая гелем ад пішучай ручкі, які ляжыць у скуры, нібы мазут. Выдаліць такія тату практычна немагчыма”.
Да і пасля першай працэдуры
Апошнім часам колькасць жадаючых звесці тату альбо перманентны макіяж расце, адзначае Дзяніс. Гэта, хутчэй за ўсё, вынік шырокага распаўсюду такіх лазераў. Само абсталяванне дастаткова дарагое, патрабуе своечасовага і якаснага абслугоўвання. Праца на ім патрабуе спецыяльных навыкаў і навучання. Дзяніс навучаўся ў Расіі, там і набывалі лазер для салона.
Ці балюча выдялаць тату?
“Выдаліць татуіроўку – працэдура не з прыемных, асабліва першыя секунды арганізм будзе перажываць запаленчы працэс. Перыяд загойвання пасля першага сеансу – не менш за месяц. Неабходны дагляд месца, дзе зводзілі тату. Таксама пасля сеансу мінімум тыдзень не рэкамендуецца наведваць лазні, саўны, прымаць гарачыя ванны ці загараць”.
Дзяніс адзначае, што кліенты кажуць, што наносіць татуіроўку было больш балюча, чым ад яе пазбаўляцца.
Хто і чаму выдаляе татуіроўкі?
Прычын, па якіх выдаляюць татуіроўкі, шмат. У кожнага гісторыя свая. У асноўным гэта няякасная тату, зробленая “падвальным” спосабам. Майстроў, якія робяць такія татуіроўкі, называюць – “партакамі”. Тату-індустрыя не стаіць на месцы, якасць майстроў расце, з’явіліся новыя стылі, дадалі колеру. Таму “падвальныя” тату выглядаюць проста жудасна на фоне новых работ.
Таксама прыходзяць выдаляць татуіроўкі людзі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Прыходзяць і тыя, хто спасылаецца на памылкі дзяцінства, і тыя, каму трэба ўладкоўвацца на працу ў органы, а там татуіроўкі не вітаюцца.
Ёсць і такія людзі, у Гродне гэта рэдкасць, у каго проста няма ўжо месца для новых тату, вось яны і выдаляюць старыя.
Іншыя спосабы выдалення татуіроўкі
Метад механічнага выдалення татуіровак – самы просты, стары і адзін з найбольш неэстэтычных. Малюнак выдаляецца разам з кавалкам скуры. Пасля застаюцца прыкметныя шрамы, часта ўтвараюцца келаiды.
Хімічны спосаб вывядзення татуіроўкі ўключае ў сябе ўсе спосабы заснаваныя на ўжыванні хімічных рэчываў. Найбольш вядомыя (і апрабаваныя вялікай колькасцю людзей): пры дапамозе “марганцоўкі”, пры намыльваннi гаспадарчым мылам.
Можна забіваць татуіроўку кіслотным гелем. Для гэтага гель запраўляецца ў машынку для татуіровак замест фарбы. Пасля ўвядзення скура руйнуецца і адмірае. Такі спосаб часцяком расцэньваецца як найбольш “цывілізаваны” з усіх хімічных.
Даволі распаўсюджаны спосаб – выпальванне татуіроўкі холадам. Часцей за ўсё з дапамогай выжыгальнага апарата для спартыўнай замарозкі. Пасля абмаражэння на месцы адмерлай скуры ўтвараюцца рубцы.
Можна выпаліць тату паяльнікам. Шрамы, вядома, як ад апёку.
Таксама існуюць спосабы пазбаўлення ад тату з дапамогай пластычнай хірургіі. Яна ўключае ў сябе розныя аперацыі на паверхні цела з выкарыстаннем перамешчаных скурных лапікаў.