Хакейны “Нёман” правёў сустрэчу з заўзятарамі. Планы на сезон – максімальныя

|

Па традыцыі сустрэча пачалася са слоў старшыні праўлення “Нёмана” Анатоля Варывончыка. Ён са старту прадставіў пачаткоўцаў. А ў гэтым годзе іх больш за 50% каманды.

 

Брамнік: Віталь Трус. Абаронцы: Аляксей Бадун, Віталь Марчанка, Кірыл Сачыўка, Ансi Рантанен (Фінляндыя). Нападаючыя: Арцём Кіслы, Мікіта Рэмезаў, Аляксандр Жыдкіх, Павел Дашкоў, Мікіта Осіпаў, Гжэгаж Пасют (Польшча), Элвiйс Безайс (Латвія), Яне Лакканен (Фінляндыя), Артур Шаўчэнка (Латвія).

 

 

Пра задачы на сезон Анатоль Варывончык сказаў коратка і ясна – максімальны вынік. З ім пагадзіўся і галоўны трэнер каманды Сяргей Пушкоў. Перад пачаткам новага сезона для каманды ўсе ўмовы створаныя, галоўнае для гульцоў – паказваць відовішчны атакуючы хакей, нацэлены на перамогу ў кожным матчы і, вядома ж, збіраць максімум гледачоў.

 


“Дзякуй заўзятарам, яны даюць ведаць пра сябе нават у міжсезонне і гэта прыемна. Задачу ад кіраўніцтва мы атрымалі і пастараемся паказаць добры хакей з самага старту сезона. Зараз ідзе праца па змене малюнка гульні каманды, мы хочам зрабіць так, каб “Нёман” паказваў агрэсіўны і цікавы хакей, з мноствам момантаў і галоў”, – сказаў галоўны трэнер “Нёмана”.

 

На сустрэчы выступіў і генеральны дырэктар Лядовага палаца Аляксандр Мантур. Ён распавёў, што ў гэтым годзе ў Лядовым, як і летась, створаны ўсе ўмовы для заўзятараў.


“Вельмі прыемна, што на першым, таварыскім, матчы было столькі шмат гледачоў. Мы спадзяемся, што ў новым сезоне іх будзе ў два разы больш. У мінулым годзе было шмат зроблена па арэне. Яна ў нас адпавядае ўсім стандартам, мы падрыхтавалі па сусветнай практыцы лёд, адрэгулявалі гук, вярнулі шклу першасны выгляд. Таксама многія ўжо паспелі заўважыць аўтамабіль ля ўваходу – у канцы сезону мы яго разыграем”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >

 

Цэны білетаў у параўнанні з мінулым годам не зменяцца. Прапускная сістэма таксама застанецца ранейшай.

 

Сустрэча доўжылася каля гадзіны, хакеістам заўзятары так і не задалі ніводнага пытання. Пасля кожны жадаючы падыходзіў да хакеістаў, браў аўтографы і фатаграфаваўся.

 

Ужо 28 ліпеня гарадзенцы на выездзе згуляюць свой першы афiцыйны матч у новым сезоне. У Кубку Салея на выездзе “Нёман” будзе бiцца супраць ХК “Віцебск”.