Ігар Кавалевіч: На поле будзе выходзіць “Нёман”, за які не сорамна
У самым пачатку заўзятараў пазнаёмілі з навічкамі каманды, а іх пасля перапынку ў камандзе з’явілася шмат.
Гэта: Уладзіслаў Клімовіч (арэнда БАТЭ), Яраслаў Яроцкі (арэнда “Дынама-Мінск”), Уладзіслаў Касмынiн (“Граніт”), Філіп Рудзік, Сямён Смунёў (арэнда “Нафтан”), Сяргей Ражок (“Белшына”). Магчыма, хутка падпiша кантракт Іван Рудніцкі (“Ніва” Тернополь). На сустрэчы адзначылі, што, напэўна, папаўненне ў камандзе яшчэ будзе.
“Мы хочам змяніць сітуацыю”
Пасля прадстаўлення навічкоў заўзятары пачалі крытыкаваць каманду за правалены першы круг. Аддзімацца перад усімі прыйшлося капітану Сяргею Сасноўскаму.
“Прашу прабачэння, што мы патрапілі ў такую сітуацыю. Адказаць на пытанне хто вінаваты – вінаватыя ўсё тыя, хто выходзіў на поле. Практычна з першых тураў каманда была псіхалагічна падаўленая. Сорамна, але мы прайгравалі. Мы хацелі і хочам змяніць сітуацыю. Зараз будзем рабіць усё магчымае, каб выбрацца з таго становішча, куды мы сябе загналі”.
У гараджан з’яўляецца цікавасць да футбола
Адзін з заўзятараў, Вадзім, які жыве каля трэніровачнага поля “Нёмана” на вуліцы Захарава, адзначыў, што са з’яўленнем новага галоўнага трэнера працэс трэніровак істотна змяніўся.
“Да футбола ў мяне стаўленне аматарскае, але апошнім часам за сваім родным клубам я стаў сачыць з вялікай цікавасцю. Справа ў тым, што ў мяне вокны дома выходзяць на поле, і я заўважыў, што з Кавалевічам пачаліся сур’ёзныя і актыўныя трэніроўкі. Раней я такога не назіраў. Калі каманда так будзе працягваць і далей, то, я ўпэўнены, выніку доўга чакаць не давядзецца”.
Заўзятар Валянцін задаў пытанне Арцёму Канцавому, чаму той не забівае галы. Нападаючы адказаў, што “ў жыцці бывае ўсякае” і не заўсёды ўсё атрымліваецца. Але ў будучыню ён глядзіць з аптымізмам і спадзяецца, што галы пойдуць.
“На поле будзе выходзіць каманда, за якую сорамна не будзе”
На сустрэчы галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч адзначыў, што сітуацыя з фінансамі ў камандзе стабільная, у гэтым ёй дапамагаюць гарадскія ўлады. У параўнанні з іншымі клубамі Беларусі, у “Нёмана” практычна няма запазычанасцяў. Пасля прыходу ў каманду трэнер заўважыў, што галоўная праблема ў Гродне – разнамаснасць калектыву. Такога Ігар Кавалевіч ніколі ў Гродна не назіраў.
“Сабралі каманду па інтарэсах. Сітуацыю мы паправім і зробім усё як трэба. Каб змяніць малюнак гульні, трэба змяняць футбалістаў – мы іх змянілі. За тры таварыскія гульні правялі досыць сур’ёзную працу – мы прагледзелі 14 гульцоў, якія маглі б узмацніць гульню нашай каманды. А ва ўзмацненні мелі патрэбу амаль усе часткі.
Некаторых футбалiстаў мы ўзялі, некаторых замянілі, можа нехта яшчэ папоўніць наш склад. На поле заўзятары ўбачаць каманду, якая з разуменнем будзе выходзіць і змагацца. Калі яна не будзе змагацца, то ў Гродне не будзе мяне. Я прымушу бегаць, гуляць, біцца і змагацца ды паважаць свой горад і клуб. Спадзяюся, што на поле заўзятары ўбачаць каманду, якая будзе змагацца і за якую не будзе сорамна”.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Ігар Кавалевіч расказаў, што дысцыпліна ў камандзе наладжваецца. Ён забараніў усім гульцам з’яўляецца ў кафэ, барах і іншых піцейных установах пасля 20.00. Хто парушыць рэжым, будзе вымушаны развітацца з камандай.
Ужо 29 ліпеня аднаўляецца чэмпіянат у Вышэйшай лізе. У Мікашэвічах “Нёман” згуляе з “Гранітам”. У матчы не прыме ўдзел некалькі футбалістаў жоўта-зялёных з-за траўмаў. Пераважна гэта гульцы асноўнага складу: Анюкевiч, Горбач, Лешка, Бебе. Касмынiн таксама не згуляе, бо знаходзiца пад дыскваліфікацыяй за чырвоную картку. Нягледзячы на гэтыя праблемы, Ігар Кавалевіч не плануе губляць ачкі ў Мікашэвічах.