У Ізраілі памерла Ліза Чапнiк – былы вязень гарадзенскага гета

Дзякуючы таму, што юная Ліза ў 1942 годзе пайшла ў падполле, ёй і ўдалося выжыць. Усе яе сваякі і сябры загінулі ў лагерах смерці.

 

Ліза Чапнiк пражыла доўгае жыццё і была пры памяці да канца сваіх дзён. Гарадзенскаму краязнаўцу Марыне Шапялевіч атрымалася запісаць яе ўспаміны і выдаць кнігу пад назвай “Путь девушки из Гродно: еще одно восхождение”.

 

На здымку: выдавец Аляксандр Рыжы, аўтарка кнігі Марына Шэпялевіч, а таксама Ліза Чапнiк з сынам Рыгорам (Ізраіль, снежань 2015 года)

 

Выдавец з Гродна прадставіў у Ізраілі кнігу пра габрэйку-падпольшчыцу часоў Другой сусветнай

 

Ліза Чапнiк толькі скончыла школу, як на другі дзень пачалася вайна. На вачах сямнаццацігадовай дзяўчыны былі знішчаны дзясяткі габрэяў у лясах Гарадзеншчыны. Але калі яна прыйшла ў гета і расказала пра ўбачанае, ёй ніхто не паверыў. Ужо тады маладая дзяўчына прапанавала стварыць у Гродне ўзброены супраціў. Дзякуючы арыйскай знешнасці Лізе і яе сяброўцы Ганне Руд зрабілі дакументы, якія дазвалялі свабодна перасоўвацца па акупаванай тэрыторыі.

 

Дзяўчыны не збеглі, як гэта рабiлi многiя. Яны адправіліся ў Беласток, каб дапамагчы свайму народу.


“Ліза Чапнiк была пры добрай памяці да канца сваіх дзён. Штодня яна ў сваім узросце яшчэ давала ўрокі англiйскай мовы. Такія людзі павінны быць прыкладам для сучаснай гарадзенскай моладзі. Юная Ліза, калі здолела выбрацца з гета, не баялася дзейнічаць і была адной з галоўных асоб у сваёй падпольнай групе. Дзякуючы намаганням юнай гарадзенкі, Чырвоная армія прайшла Беласток без сур’ёзных страт. Многія запомнілі Лізу як смелага, моцнага чалавека, які змагаўся заўсёды за справядлівасць”, – распавляа Марына Шапялевіч.

 

Лізу Чапнiк пахавалі ў горадзе  Беэр-Шэва, там дзе яны жыла апошнія гады. У Гродне ў музеі “На Траецкай” існуе цэлы стэнд, які распавядае пра дзейнасць юнай Лізы ў час вайны.

 

 

Для тых, хто яшчэ не набыў кнiгу, прапануем паглядзець успаміны ураджэнкі Гродна, запісаныя ў 2013 годзе.

 

Частка першая:

 

Частка другая:

 

Па дадзеных “Твайго стылю” ва ўсім свеце жывых былых вязняў гарадзенскага гета засталося толькі тры: Хаім Шапіра i Ганна Руд жывуць у Ізраілі, Гаральд Гордан (Хiршел Гродзенскі) жыве ў Штатах.