Бізнес ставіць на жанчын. Трэнінг для дам, што хочуць пачаць сваю справу, прашоў у Гродне
У біснесмены запрашаюць дам
Увага экспертаў да развіцця жаночага бізнеса звязана найперш з дэмаграфічнымі выклікамі сучаснасці. Першымі іх адчулі на сабе еўрапейцы. Нацыі старэюць, звыклыя працоўныя рэсурсы змяншаюцца, таму трэба шукаць новыя магчымасці для развіцця эканомікі.
Такі нескарыстаны да апошняга часу рэсурс – гэта жанчыны і людзі ў сталым веку, вызначылі ў Еўрасаюзе. “Жаночая” схільнасць пралічваць сітуацыю, уважліва ставіцца да партнёраў, пазбягаць фінансавых рызык ці браць на сябе сацыяльную адказнасць робіцца іх канкурэнтнай перавагай ў сучасным бізнесе.
Аляксандра Курыловіч (злева) і Лана Руднік – арганізатаркі трэнінга у Брэсце і Гродне
“Запускаць набор на трэнінг летам, у час адпачынкаў, было досыць рызыкоўна, – адзначае Лана Руднік, дырэктарка ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”, арганізатарка трэнінга з Гродна.
– Для мяне дзіўна, што пры такім “мёртвым сезоне” тэма аказалася запатрабаванай”. Лана лічыць, што гэта звязана з удалым патрапленнем у патрэбы аўдыторыі: “У сітуацыі няпэўнасці, крызісу, нічога не застаецца, як спадзявацца на свае сілы, на свае інтэлектуальныя рэсурсы”.
Сучасныя жанчыны маюць усведамленне, што ніхто, акрамя іх саміх, не павінен клапаціцца пра іх будучыню. Таму шукаюць варыянты, каб нешта зрабіць самастойна. “У якасці трэнераў былі заяўленыя вельмі моцныя эксперты, гэта таксама аказала станоўчы ўплыў. Стымулявалі высокую цікавасць да тэмы таксама бясплатны ўдзел, добрая рэпутацыя партнёрскіх арганізацый і шырокая інфармацыйная кампанія ў СМІ”.
Сяргей Ільін і Дмітрый Макарчук – трэнеры праекта
“У беларускіх жанчын ёсць вялікі патэнцыял, які варта падтрымаць. Яны разумныя, добра адукаваныя, матываваныя і могуць зрабіць унёсак ў эканамічнае развіццё краіны”, – даводзіць Аляксандра Курыловіч, дырэктарка Брэсцкага Мясцовага Фонда Рэгіянальнага развіцця, аднаго з арганізатараў трэнінга. Не менш важным яна лічыць і сацыяльны ўплыў бізнес-ледзі на сучаснае беларускае грамадства: “Прасоўванне ідэй гендарнай роўнасці – значны складнік праекта. Мы кажам, што ў бізнесе ўсе павінны быць паўнавартаснымі ўдзельнікамі, суб’ектамі гаспадарання – незалежна, мужчыны ці жанчыны.”
Уласным вопытам засведчыла тое для ўдзельніц Наталля Жыгадла, заснавальніца і дырэктарка ТДА “ЗападАвтоЦентр”, прадпрыемства, што гандлюе запчасткамі да іншамарак. “Нават калі на пачатку нехта і меў недавер да мяне, жанчыны, што кіруе “мужчынскім” бізнесам, то час паставіў усё на свае месцы. Прадпрыемства працуе ад 1997 года і за гэты тэрмін значна вырасла. Кліенты перадаюць адзін аднаму, што тут працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, што ў нас не падманваюць, што гэта надзейнае месца.”
Зарабіць мільёны і не страціць шчасце
Паспяховая справа гэта не толькі ўдалая бізнес-мадэль і стабільныя прыбыткі. “Падчас абмеркаванняў удзельніцы рабілі каштоўныя уласныя высновы. Што поспех у бізнесе прыходзіць толькі праз кліентаў, што захаваць гармонію ў сабе не менш важна, чым стаць фінансава паспяховай”, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Ільін.
Сяргей Ільін
align=”” width=”725″ height=”483″ >
Вольга Гаўрылік, адна з вядомых гарадзенскіх бізнес-ледзі, кіраўнічка прыватнай кампаніі “Мядовы шлях” распавяла ўдзельніцам пра ўласны досвед у бізнесе: “З цягам часу склалася ўласная сістэма каштоўнасцяў, дзе сям’я, дзеці, дом – не менш важныя за бізнес. Калі на пачатку бізнес-кар’еры магла падоўгу прападаць у камандзіроўках, то зараз з лёгкасцю адмаўляюся ад “дзяжурных” фуршэтаў ці сустрэч па-за часам працы. Прышло разуменне, што адчуванне ўласнай гармоніі і дружная сям’я не менш важныя складнікі паспяховага бізнесу, чым фінансавыя ўкладанні.”
Вольга Гаўрылік
Што да падводных камянёў бізнесу, то са словаў Вольгі Кузьміч, што кіруе навучальных цэнтрам па манікюру, пачаткоўцам у бізнесе важна ўмець “здымаць ружовыя акуляры”. “На пачатку эйфарыя ад ўласнай бізнес-ідэі захапляе і кружыць галаву”. У такія моманты, раіць дасведчаная бізнес-ледзі, варта прыпыніцца, прааналізаваць уважліва сітуацыю, пракансультаваццца са спецыялістамі – “акунуцца ў рэальнасць, каб пазбегнуць будучых расчараванняў.”
Вольга Кузьміч
Хочацца падтрымкі
Многія з удзельніц трэнінга на пачатку казалі, што не маюць упэўненасці ва ўласных сілах, ці баяцца верыць у свой поспех. Пераадолець такое стаўленне да сябе і сітуацыі дапамагаюць, найперш, веды, лічаць арганізатары. Палохае заўсёды незнаёмае.
“На трэнінгу я зразумела, што бізнес гэта не так страшна, і ён можа стаць маёй справай. Атмасфера імпрэзы была такой цёплай і сяброўскай, што адчула сябе больш упэўнена, а па раздатках і буклетах дома перачытала і пралічыла тое, што не паспела на занятках”, – падзялілася ўражаннямі адна з удзельніц. Складаныя на першы погляд схемы і табліцы дапамаглі зразумець і сістэматызаыаць інфармацыю, атрыманую ад экспертаў.
Апроч кансультатыўнай і экспертнай падтрымкі арганізатары трэнінга трымалі пад увагай іншыя магчымасці дапамогі жаночым ініцыятывам. Зараз колькасць прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ў краіне змяншаецца. Тым больш важна падтрымаць тых, хто гатовы пачаць сваю справу.
“У межах праекта мы ладзілі партнерскія сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасці, каб разам абмеркаваць магчымасці супрацы, – распавяла Аляксандра Курыловіч. – У жанчын ёсць жаданне працаваць. Спадзяемся, што пасля такіх сустрэч ва ўсіх інстанцыях будзе больш разумення важнасці жаночага бізнесу і жадання яго падтрымаць”.
Што да вынікаў трохдзённай працы, то “бальзамам на сэрца трэнера” Сяргей Ільін назваў выказванне адной з удзельніц: “Пятнаццаць год я дапамагала іншым станавіцца паспяховымі і верыць у сябе. Зараз, нарэшце, сама паверыла, што змагу пачаць уласны бізнес”.
А што далей?
Андрэй Смольскі, каардынатар праекта ад Міжнаронай Фінансавай Карпарацыі распавёў, што два трэнінгі ў Гродне і Брэсце гэта не толькі адукацыйныя прапановы для будучых бізнес-ледзі. “На аснове гэтага досведу мы хочам стварыць новы прадукт, курс з навучальнай праграмай і інфармацыйным напаўненнем, каторы будзе самастойным і жыццяздольным, зможа надалей працаваць без вонкавай падтрымкі”.
Андрэй Смольскі
Таму дапрацоўка зместа праграмы і формаў навучання ішла ўвесь час цягам трэнінга ў Гродне. “Кожны дзень пасля заняткаў удзельніцы дзяліліся ўражаннямі ад працы – што было патрэбным і зразумелым, якім пытанням варта надаць больш увагі ці патлумачыць у іншы спосаб, – кажа Андрэй Смольскі, – гэта дазваляла адразу рабіць “работу над памылкамі” і дапрацоўваць трэнінг па ходу дзеяння”.
Мяркуецца, што пасля трэнінга ў Брэсце, калі паўстане канчатковы варыянт праграмы, праводзіць навучанне змогуць і іншыя правайдэры адукацыйных паслуг: трэнінгавыя цэнтры, грамадскія арганізацыі ці навучальныя ўстановы.
Арганізатары зацікаўлены адсочваць і доўгатэрміновыя вынікі навучання. “Тое, што інфармацыя патрэбна жаночай супольнасці, відаць адразу. Наколькі трэнінг эфектыўна спрацуе – пакажа толькі час, – тлумачыць Андрэй Смольскі. – Зараз просім удзельніц пакінуць кантакты, каб была магчымасць звярнуцца да іх пазней і даведацца пра стан справаў”.
Таксама важным задзелам на перспектыву лічыць ён і знаёмства будучых бізнес-ледзі з паспяховымі калегамі. “Калі пачаткоўцы маюць магчымасць увайсці ў бізнес-супольнасць, гэта значна падвышае устойлівасць іх справы. Маладым прадпрымальніцам часам прасцей звярнуцца за парадай да калежанкі, чым наўпрост у падатковую ці ў выканкам”. Тое, што дзяўчаты пазнаёміліся паміж сабой і з тымі, хто ўжо даўно працуе ва ўласнай справе, вельмі каштоўна – галоўнае, каб надалей трымаліся разам і дапамагалі адна адной.
Праграма рэалізуецца Брэсцкім мясцовым фондам рэгіянальнага развіцця ў партнёрстве з установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” з Гродна. Трэнінгі праводзяцца пры падтрымцы Кансультатыўнай праграмы Міжнароднай Фінансавай карпарацыі (IFC) “Паляпшэнне інветыцыйнага клімату ў Беларусі” з донарскай дапамогай Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA) і Агенцтва ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID).