“Нёман” здабыў цяжкую перамогу ў матчы з “Гранітам”

|

Матч у Мікашэвічах пачаўся з 20-хвілінным спазненнем, бо да пачатку гульні гаспадары не вырашылі праблему са складам. У наяўнасці ў “Граніту” былі толькі палявыя гульцы, але не было ніводнага вратара. Арандаваны ў “Нёмана” Васiлючык згодна дагавору не мог гуляць у матчы, але ў апошні момант кіраўніцтва гарадзенцаў дазволіла заявіць Уладзіслава на матч.

 

Склад жа “Нёмана” ў параўнанні з першым кругам істотна абнавіўся. У аснове выйшлі Курганскі, Савасцьянаў, Сасноўскі (К), Пазняк, Паўлавец, Ражок, Рудзік, Васькоў, Канцавы, Яроцкі, Савіцкі. На замену выходзілі Смунёў, Бомбель, Вяргейчык.

 

Увесь першы тайм прайшоў пад дыктоўку “Нёмана”, і дзякуючы актыўным дзеянням ўсёй каманды Павел Савіцкі адкрыў лік у матчы на 32-й хвіліне.

 

 

У другім тайме карціна гульні істотна змянілася. Гаспадары на атакі гарадзенцаў сталі сур’ёзна адказваць. Момант за момантам і здавалася “Нёман” прапусціць. Але не, жоўта-зялёныя трымаліся і давялі лік да фінальнага свістка.


“Граніт” (Мікашэвічы) – “Нёман” (Гродна) – 0:1

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля перамогі над “Гранітам” адзначыў непадатлівасць суперніка.


“У дадзенай сітуацыі, у якой апынуўся “Нёман”, самае галоўнае – набыццё трох ачкоў, выйгрыш. Што тычыцца гульні, яна была цяжкай, асабліва ў другім тайме. Перамаглі 1:0, і я рады. Жадаю “Граніту” поспехаў. Вельмі баявая каманда, і тут яшчэ ні адзін супернік страціць ачкi”.

 

Пасля перамогі над “Гранітам”, “Нёман” усё яшчэ застаецца на апошнім месцы ў турнірнай табліцы. Каманда Ігара Кавалевіча мае ў сваім актыве 13 ачкоў. Бліжэйшы супернік “Нафтан” мае 14, але варта адзначыць, што наваполацкая каманда згуляла на матч менш.


Фото: fcneman.by