Валы ідуць. Жывёла, што растварылася ў плыні гісторыі
Мы традыцыйна ўяўляем сабе нашага продка з плугам, у які запрэжаны конь. Гэткая худая стомленая недахопам ежы і працай кабылка. Але дастаткова глянуць у Пісцовую кнігу Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI стагоддзя або інвентары панскіх маёнткаў XVIII – XIX стст. у ваколіцах Гродна, і мы пераканаемся, што валоў было ў два-тры разы больш, чым коней.
Вол – гэта кастрыраваны бык. Быкі – істоты агрэсіўныя, прымусіць іх цягаць воз нельга. Але пасля кастрацыі бык, стаўшы валом, хутка нагульвае тлушч, становіцца спакойным і вельмі цягавітым. Каня цяжэй даглядаць, ён хварэе і патрабуе больш якасную ежу, у першую чаргу авёс. Таму нават багаты селянін меў у сваёй гаспадарцы зазвычай аднаго каня і трох-чатырох валоў.
Вол значна больш вынослівы, чым конь. Згараць валом цягам дня можна большую частку поля, чым канём. Да ўсяго ў каня вельмі слабая шыя і трэба прыдумваць цэлую сістэму дарагой вупражы, каб конь цягнуў плуг або воз грудзямі, а не плячыма і шыяй.
З валом такой праблемы няма. У яго вельмі моцная шыя, таму на яго апранаюць простае ярмо – такі чатырохкутнік з дрэва, пры дапамозе якога вол цягне вельмі цяжкі воз. Вол менш пераборлівы ў плане ежы, але ж надта марудны. Чалавек, які ідзе шыбкім крокам, лёгка абгоніць воз запрэжаны валамі, бо той сунецца з хуткасцю ўсяго 2–3 кіламетры на гадзіну.
На Гродзеншчыне валы пратрымаліся аж да Першай сусветнай вайны дзякуючы яшчэ адной з’яве. Праз нашыя землі кожнае лета праганялі тысячы валоў з Украіны, найперш з Валыні (ці не ад вала назва гэтага блізкага да Беларусі рэгіёна?). Гналі іх на поўнач, у Прусію, каб там перарабіць на мяса і морам адправіць у прамысловыя гарады Еўропы, дзе хранічна не хапала ежы.
Вол за адзін сезон дайсці да Прусіі не паспяваў, таму ў ваколіцах Гродна змучаных худых валоў раздавалі па сялянскіх гаспадарках. Сяляне пускалі валоў на пашу, выконвалі на іх усе свае работы, а наступным летам перадавалі ўкраінскім пагоншчыкам, беручы сабе новую пару. З такога абмена вынікала ўзаемная карысць – вол прыходзіў да Караляўца сыты, а беларускі селянін мог на ім вясною згараць свае палеткі.
У літаратуры і мастацтве Беларусі валы адлюстраваны вельмі слаба. Яны бясследна растварыліся ў плыні гісторыі, застаючыся сімвалам цяжкай сялянскай працы і своеасаблівага сялянскага светапогляду, які грунтаваўся на чымсці спрадвечным, грунтоўным.
Згадаем, праўда карціну нашага земляка Фердынанда Рушчыца пад назвай “Зямля”. Рушчыц стварыў гэты шэдэўр, маючы ўсяго 28 гадоў, і назіраючы, як гарэ на валах селянін з ваколіц ягонага роднага Багданава на Смаргоншчыне. Амаль уся карціна – маса аблокаў, а знізу па чорнай-чорнай зямлі, паўкруглай як зямны шар, уздымаецца араты з парай валоў.
Сёння валы ў Паўночнай Еўропе – вялікая рэдкасць. Напрыклад, у Англіі засталася толькі адна пара валоў, на якіх час ад часу гараюць поле на пацеху турыстам. У Беларусі вала зусім не пабачыш. Нездарма Уладзімір Караткевіч, пабачыўшы як гараюць на валах, напісаў цудоўны верш.
Ворыва на валах
Я гэта бачыў сам, хоць адышло:
Ў апошні, можа, раз на белым свеце
Ішлі быкі і ворыва плыло,
А зверху — хмары, чырвань, сінь і вецер…
Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,
За імі йльсняныя ў адвалах межы…
Як старажытныя князі, быкі
Маю радзіму на кавалкі рэжуць.
З нябачнае лагчыны йдуць яны
Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,
На ўзгорак, велічны, як шар зямны,
Бы два паўмесяцы, усплываюць рогі.
Заплюшчу вочы — і перада мной
Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,
I рэжуць свет нарожнаю бранёй,
I капыты — бы край мой папіраюць.
Бялкі ў крыві, а капыты — ў гразі.
I ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй
Быкі, як старажытныя князі,
Маю радзіму на кавалкі крояць.
Ў смяротны час — няхай прайшлі гады —
Ў маё апошняе сальюцца слова,
I сэрца раздзяруць на дзве паловы
Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,
Радзімы твар, і горды, і суровы.