“Узоры і загагуліны”. Як у беларускіх вёсках са звычайнай паперы рабілі цуд

Выцінанка – традыцыйна жаночы занятак, але цяпер у Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіне і Літве, дзе гэта прыкладное мастацтва даволі развіта, з паперай працуюць і мужчыны.

 

– Ну што ж мне рабіць, калі ў мяне такія рукі, – смяецца Станіслаў і выразае з каляровай паперы мудрагелістыя ўзоры. Што атрымаецца ў выніку, можна будзе даведацца толькі пасля разгортвання складзенага ў некалькі разоў папяровага лістка. Хоць майстар ужо ведае, які твор будзе на выхадзе.

 

Станіслаў Муліца правёў для гродзенцаў у краме «Цудоўня» майстар- клас па выразанні з паперы ўзораў, а заадно распавёў гісторыю беларускай выцінанкі. Сам майстар ніколі не думаў, што калі-небудзь будзе займацца такім, на першы погляд, несур’ёзным народным промыслам. Праўда, у сям’і шмат творчых людзей, ды і працоўная дзейнасць Станіслава звязана з культурай. Зараз ён працуе на ААТ «Гродна Азот», а некалькі гадоў таму быў дырэктарам мясцовай філармоніі.

 

 

– Аднойчы я прыйшоў да свайго сябра-мастака і ён паказаў мне беларускія выцінанкі. Чымсьці яны мяне зачапілі. Я ўзяў нажніцы, паперу і стаў выразаць. А раніцой пабег дзяліцца тым, што атрымалася, – распавядае Станіслаў.

 

А атрымалася для першага разу вельмі добра. Праз нейкі час у Гродне прайшла яго першая выстава. І вось ужо 15 гадоў чалавек займаецца выцінанкай. Не толькі беларускай. У сферы яго інтарэсаў – польскія і ўкраінскія традыцыі.

 

 

Станіслаў заснаваў суполку майстроў народнай творчасці пры грамадскім аб’яднанні “Саюз палякаў на Беларусі”. У 2005 годзе Міністэрства культуры Польшчы прысвоіла яму ганаровы тытул «Заслужанага дзеяча культуры Польшчы». Работы мужчыны знаходзяцца ў многіх краязнаўчых музеях Гродзеншчыны, таксама ў Польшчы і Германіі і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.

 

– Нягледзячы на блізкасць славянскіх культур, выцінанкі ў кожным рэгіёне розныя. Напрыклад, у курпеўскіх традыцыях (Польшча) пераважаюць так званыя аплікацыі-выцінанкі, выразаныя з рознакаляровай паперы і налепленыя на белыя шчыльныя лісты. Такімі карцінамі ўпрыгожвалі хаты. Яны паўтараюць каляровае рашэнне народных касцюмаў той мясцовасці, – кажа Станіслаў.

 

 

Беларускія ўзоры сціплейшыя. У нас выцінанкі былі пераважна аднакаляровымі. Часцей за ўсё – белымі. Гэта абумоўлена утылітарным выкарыстаннем папяровых упрыгожванняў. Беларускія гаспадыні ўпрыгожвалі папяровымі «фіранкамі» вокны, вялікімі выразанымі палотнамі – іконы і сцены. Калі белай паперы не было, то выкарыстоўвалі газету, якую потым бялілі. Выцінанка суправаджала беларусаў усё іх жыццё. Ёю ўпрыгожвалі калыскі немаўлятаў і спецыяльна выразалі для таго, каб пакласці памерламу ў труну.

 

– Гэта ўсё ад беднасці. Выцінанка лічылася мастацтвам для сялян. Тканіна была дарагая, а вось паперу можна было сабе дазволіць.

 

Разглядаючы мудрагелістыя ўзоры «Калядных зорак», якія выразаў Станіслаў, лаўлю сябе на думцы, што яны нагадваюць мне індыйскія мандалы. Майстар усміхаецца і кажа, што ў Індыі таксама ёсць падобныя традыцыі выразання ўзораў з паперы. Наогул, выцінанкі маюць вельмі глыбокія карані. Дзіўна, але яны ўпершыню з’явіліся ў Кітаі. Папяровыя ўзоры вельмі часта сустракаюцца пры раскопках у Алтаі, на поўначы Еўропы, Балканах і, вядома, на тэрыторыі нашай краіны.

 

 

У беларускіх вёсках – а там яшчэ жывуць народныя ўмеліцы, якім гэта мастацтва перадалося ад продкаў – выцінанкі выразалі вялікімі нажніцамі для стрыжкі авечак. Зараз жа пры стварэнні сваіх работ майстра карыстаюцца больш далікатным інструментам.

 

– Узоры – яны заўсёды ў галаве. Што-небудзь прыдумаеш – адразу ж малюеш эскіз. А раней бабулі выразалі экспромтам. Мы называем такія выцінанкі хаатычнымі. Але гэта менавіта тое, што архаічнае і што звязвае нас з продкамі. Навучыцца, дарэчы, можа кожны, – кажа Станіслаў.

 

Мастацтва выцінанкі ў Беларусі было на некаторы час забыта. Зараз жа яно перажывае сваё другое нараджэнне. Спецыялісты кажуць, што выразаннем з паперы карысна займацца з маленькімі дзецьмі – у іх развіваецца дробная маторыка.

 

– Дзеці часам прыдумляюць такія ўзоры, што проста здзіўляешся.

 

Быццам бы простая штука – дзіцячая забава, аднак для таго, каб зразумець, як правільна скласці паперу, каб атрымалася патрэбная карцінка, неабходна прыкласці намаганні.

 

– Гэта нейкая іншая геаметрыя, – кажуць наведвальнікі майстар-класа і круцяць у руках аркушы паперы. Бо нашы продкі з лёгкасцю прыдумлялі вельмі складаныя ўзоры, ад якіх было немагчыма адарвацца. І кожны раз гэта былі зусім новыя працы. Майстры кажуць, што нават калі захочаш у дакладнасці паўтарыць які-небудзь ўзор – не атрымаецца. Усё роўна выйдзе штосьці новае і ўнікальнае.