Палац Валовічаў у Свяцку працягвае развальвацца пад аховай дзяржавы
Тым, хто памятае палац Валовічаў у Свяцку яшчэ з савецкіх часоў, цяпер цяжка тут хадзіць. Камуністы былі не найлепшымі гаспадарамі, але ўсё ж гэты помнік выкарыстоўвалі ў якасці санаторыя. Цяпер гэтае хараство знікае, прычым бясследна.
На будынку шыльдачка з надпісам: помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, ахоўваецца дзяржавай… А побач са сценамі, якія паабсыпаліся ад вільгаці, побач з зацягнутымі цыратай вокнамі — зарослыя берагі сажалак. Усяго некалькі гадоў таму іх аднавілі, але з таго часу паспелі зноў занядбаць.
Мясцовы жыхар, спадар Іван, якога давялося тут сустрэць, кажа, што цяжка праходзіць побач без болю. Ён узгадвае, як выглядаў палац і парк у ягоным дзяцінстве, паказвае, дзе квітнелі ружы, дзе плавалі па ставах на лодках, куды хадзілі ў краму. Узгадвае, што тут заўсёды гучала музыка, а ў самім санаторыі можна было пагуляць у більярд, схадзіць у бібліятэку і пасядзець там ва ўтульным фатэлі, разглядаючы розныя цікавінкі ў старасвецкай зале.
— Цяпер нічога тут няма, людзей практычна няма, а палац — яго ніхто не шкадуе, а такая прыгажосць. Памятаю, як у 2005 годзе адсюль ад’язджалі апошнія лекары, рабілі вунь тут каля саду шашлыкі… Нехта распавядаў, як палілі архіўныя паперы ў кацельні, то знайшлі, што ў санаторыі працавалі больш за 90 чалавек. Вядома, разам з лекарамі і абслугай. Як тут было ўсё прыгожа і святочна. А цяпер вунь дрэва ўпала на дарозе і ўжо колькі месяцаў ляжыць, а так ніхто і не прыбярэ.
Маладая жанчына гуляе з дзіцем. Кажа, што прыязджае да родных часам на лета. І заўсёды да яе тут падыходзяць турысты і здзіўлена пытаюцца — чаму такое запусценне і калі пачнуць рабіць рэстаўрацыю? Прычым турысты як з Беларусі, так і замежныя.
— Мне таксама сорамна за тое, як тут усё выглядае, хоць я нібыта і не нясу за гэта адказнасці. Вунь бачыце, ясеневая прысада. Мы тут заўсёды гулялі, яна такая рамантычная. Але цяпер не пойдзеш з каляскай, бо не выедзеш. Пісалі ў газетах, што нібыта павінна рэстаўрацыя скончыцца ў 2017 годзе, а тут нават ніхто нічога не пачынаў. Сам палац пачаў развальвацца. І пра што толькі думаюць уладальнікі? А сажалкі былі давялі да ладу, а цяпер паглядзіце, як усё дзіка пазарастала. Яшчэ летась трактары прыяжджалі, касілі, а цяпер…
Насамрэч у 2009 годзе, пасля таго як палац перайшоў ва ўласнасць санаторыя «Азёрны», які тады належаў Нацбанку, сёе-тое пачало змяняцца. Давялі да ладу сажалкі, парабілі вакол іх прыгожыя дарожкі, па якіх ахвотна гулялі заезджыя турысты. Месца аблюбавалі вясельныя картэжы з Гродна, рабілі здымкі, гулялі. А цяпер тут нідзе не пройдзеш, усё дзічэе. Толькі ля самога палаца трохі абкошаная трава.
Што да кіраўніцтва санаторыя «Азёрны», на балансе якога знаходзіцца палацава-паркавы комплекс «Свяцк», то да дырэктара Аляксандра Купрашэвіча не ўдалося датэлефанавацца. Ягоная сакратарка ўвесь час адказвала, што «ён знаходзіцца на тэрыторыі…».
Паводле гарадзенскага гісторыка Янкі Лялевіча, стан палаца-паркавага комплексу ў Свяцку выклікае толькі сум. Зразумела, што ў свеце няма нічога вечнага. Але, кажа Янка Лялевіч, калі зусім нічога не рабіць дзеля таго, каб уратаваць помнік архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай, то за гэта мусіць нехта адказваць.
— Аб палацы відавочна ніхто не дбае, і велічны палац можа разбурыцца. Знікне вельмі каштоўны помнік, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Цяжка ўявіць, дзе знаходзяцца ўсе нашы кантрольныя службы, якіх такое мноства. Бо калі недзе проста хату будуюць, то замучаць праверкамі, а тут нішчыцца такі палац, і нікому няма справы. Гэта ўжо зусім хамства. Сумна, вельмі сумна…
Нягледзячы на гэта, ніхто за палац не заступаецца. Грамадскія арганізацыі, актывісты, проста людзі не збіраюць подпісаў, не пішуць скаргаў, ніхто не звяртае ўвагі.
У міжваенны час у палацы быў пансіянат для нарказалежных. Ад марфінавай і іншай залежнасці тут лячыліся і прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў. У 1930-я палац перабудавалі. За савецкім часам тут зрабілі санаторый для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер быў знішчаны. У 2005 санаторый адсюль выехаў, а палац перадалі на баланс упраўлення адукацыі гарадзенскага райвыканкама. Тады і перасталі дбаць аб палацы і парку. Пазней комплекс перадалі на баланс санаторыя «Азёрны», але змен да лепшага гэта не прынесла.