Нічыя з “Крумкачамі”: “Нёман” пачынае выбірацца з дна турнірнай табліцы

|

Для “Нёмана” гэта быў першы хатні матч у другім крузе. Галоўны трэнер гарадзенцаў Ігар Кавалевіч абяцаў, што ў другой частцы чэмпіяната заўзятарам “Нёмана” не будзе сорамна за футбол сваёй каманды. І сапраўды, за гульню гарадзенцаў апошнім часам ні кропелькі не сорамна.

 

У матчы з “Крумкачамi” з першых хвілін жоўта-зялёныя кінуліся ў бой, тым самым паказаўшы суперніку, што будуць гуляць толькі на перамогу. Першы гол гаспадары забілі на 20-й хвіліне, праўда, суддзя яго не залічыў, бо ўгледзеў “па-за гульнёй”.

 

На працягу ўсяго тайма гарадзенцы актыўнічалі на полі і не давалі саперніку наблізіцца да варот Курганскага. Але на 38-й хвіліне Касмынiн дапусціў памылку, якая прывяла да пенальці ў вароты “Нёмана”. Адзінаццаціметровы дакладна рэалізаваў галеадор “Крумкачэй” Вячаслаў Глеб.

 

 

 

Пасля прапушчанага гола, жоўта-зялёныя не палі духам і яшчэ да перапынку знайшлі ў сабе сілы зраўняць лік. Эфектна ў падзенні мяч забіў Арцём Канцавы.

 

Пасля перапынку больш актыўна сталі гуляць госці. Ужо на 54-й хвіліне Вячаслаў Глеб аформіў дубль. Нападаючы “Крумкачэй” ўцёк ад абаронцаў “Нёмана” і расстраляў Курганскага.

 

Пасля таго, як госці выйшлі наперад, Кавалевіч зрабіў дзве замены – пасадзіў на лаўку Канцавога і Бомбеля, а выпусціў Рудніцкага і Яроцкага. Са з’яўленнем свежых футбалістаў, гульня “Нёмана” зноў ажывілася. Менавіта дэбютант Яраслаў Яроцкі здолеў зраўняць лік у матчы. Малады гарадзенец на 74-й хвіліне амаль з лінii штрафной моцна прабіў: галкіпер “Крумкачэй” быў не ў сілах справіцца з ударам і прапусціў мяч.

 

 

Пад канец гульнi “Нёман” мог выйсці наперад, але Савіцкі, які быў капітанам у гэты вечар, не скарыстаўся сваім выдатным шанцам. Такім чынам, гарадзенцы ў матчы з “Крумкачамi” зарабілі 1 ачко і дагналі “Нафтан”.

 

7 жніўня, “Нёман”- “Крумкачы”- 2:2

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч застаўся незадаволены рэалізацыяй момантаў гульцамі сваёй каманды.


– Не зусім задаволены гульнёй. Здзейснілі дзве дурныя памылкі ў абароне, за што і былі пакараныя. “Крумкачы” рэалізавалі амаль усе свае моманты, а мы не. Вядома, па такой гульні абедзвюм камандам было б крыўдна прайграць.


– Ці не рызыкуеце, праводзячы эксперыменты на такім адказным месцы як цэнтр абароны?


– Колькі матчаў яны згулялі? У першым крузе колькі “Нёман” прапусціў? Трэба было нешта мяняць. Калі я ўзяў гэтых гульцоў, яны будуць гуляць. Я ім давяраю. Канкрэтна па Сасноўскаму, паглядзіце касету з прапушчанымі галамі “Нёмана” ў першым крузе – вось і адказ. Які ў яго лёс? Ён жа не памёр. Пакуль чалавек жывы, усё можна выправіць. Ён трэніруецца з камандай.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ >