У Гродне з чацвёртага паверху інтэрната скінулі кацяня: зламысніка не знайшлі

|

Дзяўчына раніцай выгульвала свайго сабаку, калі пачула мяўканне ката. Ганна падумала, што жывёлiна дзесьці ў падвале, і стала шукаць адкуль даносіліся жаласлівыя крыкі.


“Спачатку я старалася не звяртаць увагу на мяўканне, бо прытулак у нас сабачы – ката не было б куды ўзяць. Калі мы абыйшлі інтэрнат і выйшлі да стадыёна, мой паляўнічы сабака пачаў хвалявацца, ён увесь час ішоў на мяўканне. Я не магла яго спыніць. Я вырашыла, што кот замураваны ў падвале. Але падняўшы галаву ў кірунку, куды глядзеў увесь час Рычард [так завуць сабаку], я ўбачыла, як хтосьці выкідвае жывёлiну з акна”,- распавядае Ганна.

 

Той самы інтэрнат адкуль скiнулi ката

 

Дзяўчына падумала, што кот пасля падзення памёр, бо ён стукнуўся аб асфальт і з яго галавы цякла кроў. Ганна пачала крычаць, каб чалавек, які выкінуў жывёліну, высунуўся. Але пёс Рычард падбег да кацяняці і пачаў яго аблізваць – апынулася, малы выжыў.


“Я хутка ўзяла ката і пабегла з ім дадому. Адтуль на машыне павезла ў клініку “Сябры”. Пакуль ехала – выклікала міліцыю і патлумачыла ім сітуацыю. Сказала, што пасля клінікі напішу заяву і пакажу акно, з якога выкінулі кацяня”.

 

Жывёлiну ў клініцы абследавалі і пакінулі на лячэнне. У ката пачашчанае павярхоўнае дыханне i пералом локцевага сустава.

 

Ветэрынар клінікі “Сябры” Ірына паказвае, дзе ў ката праблема


“Кот да нас паступіў у стане шоку. Акрамя пералому ў яго знайшлі пнеўматоракс і ацёк лёгкіх. З апошнімі праблемамі мы справіліся, дыханне ў яго ўжо стабільнае, адчувае ён сябе значна лепш. Але  яму ўсё яшчэ балюча, рухаецца ён на абязбольваючых. Мяркуючы па стане ката, у якім ён да нас патрапіў, можна сказаць, што ён упаў з вышыні”, – распавяла ветэрынар клінікі “Сябры” Ірына.

 

У клініцы дапамаглі кату перамагчы шокавы стан

 

Пакуль з жывёлай разбіраліся ў клініцы, Ганна вярнулася да будынку, з якога кацяня выкінулі. Там ужо была міліцыя.


“Уяўляеце, першае пытанне, якое мне задалі супрацоўнікі міліцыі: “Як там кот?” Не чаму я так доўга, ці што адбылося ў дэталях, а менавіта – як кот. Яны сапраўды перажывалі за жывёлу. Мы апыталі жыхароў, але ўсе казалі адно і тое ж – крыкаў ката не чулі. Пры гэтым, калі я пытала, усе апускалі вочы. Потым жыхары інтэрната наогул спрабавалі міліцыі навязаць, быццам я ў 9 раніцы крычала пад іх вокнамі, і вінавата менавіта я, а не той, хто скінуў ката. Але наяўнасць крыві ката на асфальце ўсё пацвярджала. Камеры назірання на будынку пацвердзілі, што кот упаў зверху, і што я яго ўзяла і забрала”, – кажа Ганна.

 

Ганна і сабака Рычард

 

У кватэры, якую вызначылі па вокнах, знаходзіўся 25-гадовы хлопец. Ён не вельмі добра адчуваў сябе пасля начнога банкету, таму пагаварыў з міліцыяй мала. З размовы было зразумела, што кот не яго, а жывёл ён наогул не любіць. Суседзяў па блоку не было – кот мог быць іхным.


“Мы не сталі чакаць, бо ніхто не хацеў прызнавацца – глухі нумар. У нас не было сур’ёзных доказаў, але я бачыла, што кацяня кідалі з акна. Супрацоўнікі міліцыі мне верылі і рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы знайсці зламысніка. Я ім вельмі ўдзячная”, – сказала Ганна. Справу вырашылі не працягваць.

 

За суткі ў клініцы “Сябры” кацяня паставілі на лапы. Яшчэ праз суткі яму зробяць рэнтген і будуць думаць, як аднавіць локцевы сустаў. Ветэрынары кажуць, што малому пашанцавала, бо ўсё магло скончыцца горш. Кацяня назвалі Пецям, неўзабаве яго можна будзе забраць з “Адданага сэрца“.