Гарадзенкі на дабрачынным фотапраекце сабралі 80 рублёў для бяздомных жывёл

|

За два дні дзяўчаты правялі 13 здымак, у аб’ектывы трапіла 18 сабак.

 

Ідэя праекта ўзнікала ў Кацярыны Міхайлавай, калі яна з’ездзіла ў пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл, каб пафатаграфаваць іх для рэкламных аб’яваў.


“Прыехаць туды і проста папстрыкаць для рэкламы ды спакойна з’ехаць – немагчыма. У маім выпадку дома ледзь не з’явілася прыгажуня Агата, але, на жаль, бюджэт супраць яшчэ аднаго сабакі. Пры праглядзе знятага матэрыялу паўстала думка, што фатаграфічныя навыкі можна выкарыстоўваць з карысцю для жывёл. Напрыклад, зладзіць фотаплэнер з сімвалічнымі ўзносамі за ўдзел, а грошы перадаць на патрэбы жывёл”, – кажа Кацярына.

 

 

Пасля 40 хвілін здымкі ўладальнікі сабак атрымлівалі здымкі адразу ад двух фатографаў. Анімалістыка ў Беларусі развітая не так, як партрэтная, вясельная ці рэпартажная фатаграфія. Шмат хто нават не падазрае, што існуюць асобныя фатографы для жывёл і задавольваецца фатаграфіямі з тэлефона ці звычайнага хатняга фотаапарата.

 

“Пілотная версія” праекта выклікала такі энтузіязм, што запланаваныя паўдня ператварыліся ў два дні здымак з раніцы да вечара. Прымалі ўдзел як сімпатычныя дварнягі, так і пародзістыя сабакі – кітайская чубатая, завадны ёркшырскі тэр’ер, французскія бульдогі, некалькі аўчарак. Агулам перад камерай пабывала 18 сабак. Павінен быў быць яшчэ адзін кот, але з-за кепскага надвор’я яго не прывезлі. У выніку ўдалося сабраць 80 рублёў (800 тыс. недамінаваных), якія пайшлі на стэрылізацыю жывёл.

 


“Задумку ў першы дзень актыўна псавала надвор’е: з-за перыядычнага дажджу і ветру некаторых пухнатых мадэляў вырашылі не везці на месца здымкі, каб жывёлы не захварэлі. У канцы дня наогул пачаўся лівень, прыйшлося ўкладваць ўсю праграму ў 10 хвілін пад бліжнім буйным дрэвам”.

 

У выніку ўсе засталіся задаволеныя: як сабакі і іх гаспадары, так і фатографы. Дзяўчыны ўжо на працягу некалькіх дзён працуюць над здымкамі і неўзабаве перададуць іх уладальнікам.

 

Жадаючых пафатаграфавацца адгукнулася столькі, што дзяўчаты ў будучыні гатовыя паўтарыць акцыю, ды яшчэ і не раз. Пакуль што плануюцца восеньскія здымкі ў залатым лісці.