Беларускія баскетбалісткі ставяць рэкорды пад кіраўніцтвам гарадзенскага трэнера
Каманда Аляксандра Шымкавяка ўжо здолела паказаць найлепшы вынік на чэмпіянаце Еўропы сярод усіх беларускіх моладзевых зборных па баскетболе, пры тым, што турнір для іх яшчэ не скончыўся.
На стадыі 1/8 фіналу дзяўчаты абыгралі каманду Швецыі з лікам 62:56 і выйшлі ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнуцца са зборнай Германii.
Як прайшлі самыя сур’ёзныя матчы на турніры, распавядае Аляксандр Шымкавяк.
“Усе каманды вельмі моцныя для свайго ўзросту. Вылучаюцца немцы – 6 дзяўчынак ад 188 да 197. Яны здолелі абыграць на 13 ачкоў фаварытаў – Іспанію. Моцныя Францыя, Італія, Чэхія. Расія ўчора прайграла Іспаніі 1 ачко і выпала за гульні 9-16. Літва апошняй атакай выйграла ачко ў Венгрыі і выйшла ў васьмёрку. Харваты вырвалі канцоўку ў Латвіі. Учора былі суцэльныя драмы”.
“Нам са шведамі было нялёгка, асабліва, калі ў другім тайме падламалася цэнтравая Ксенія Малашка. Яе прысутнасць на пляцоўцы, хаця б у абароне, была неабходнай, і яна мужна вярнулася ў гульню. У нападзеннi вызначылася Дарына Бачкарова – 22 ачкі, Юлія Васілевіч – 14 і Яна Галякова – 13. Усе гэтыя дзяўчаты – навучэнкі Гарадзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Звышзадачу быць у васьмёрцы – выканалі. У падгрупе гулялі па плане – вельмі патрэбна была перамога ў першай гульні, пакуль нас не ведалі. Сербія відавочна не чакала нашай бамбёжкі: 13 трошак – 39 ачкоў з дугі вырашылі зыход сустрэчы. Чэшкі – чэмпіёнкі Еўропы мінулага года – не дазволілі нам так лёгка атакаваць з дугі, а ў фізічных параметрах мы відавочна саступалі. Пасля перамогі над Сербіяй мы выканалі першую мікразадачу – не быць апошнімі ў падгрупе. Апошняе месца – гэта гульня з моцнай Францыяй. Латвія – супернік нам добра знаёмы, мы iх абгулялi. I ў нас з’явілася магчымасць выбару суперніка. Гульня са шведамi была няпростая. Нам удалася абарона, а ў нападзеннi панавала Ксенія Малашка – 23 ачкі. Таму шведы ёй не давалі дыхаць і ў канцы першай паловы проста траўміравалі.
Далей у нас Германiя. Аптымізму мала – Малашка не зможа гуляць у сваю сілу. Змагацца будзем пры любым раскладзе – байцы ёсць”.
У перапынках паміж гульнямі дзяўчаты выпрабавалі мясцовую баксёрскую залу. Ды так захапіліся незапланаванай трэніроўкай, што трапілі ў аб’ектывы італьянскіх журналістаў.
У складзе юніёрскай зборнай каманды Беларусі гуляюць 7 гарадзенскіх баскетбалістак: Юлія Васілевіч, Улляна Скіба, Яна Галякова, Ангеліна Крышчык, Дыяна Бачкарова, Ірына Грыгор’ева i Яна Яхнавец.
Аляксандр Шымкавяк з’яўляецца заслужаным трэнерам Беларусі, які працуе з гарадзенскай “Алімпіяй” і юніёрскай зборнай.
Чвэрцьфінальны матч Беларусь-Германія адбудзецца 12 жніўня, у 14.15 па беларускім часе.
Фота: www.fiba.com