Падарожжа на “кантынент Украіна”. Як і дзе турысту адпачыць на Валыні

Хто-ніхто крыху збочвае з маршрута і дабіраецца да Кіева або Вільні. А вось нашай гістарычнай вертыкалі мы амаль не ведаем. Хто ведае, што Гродна знаходзіцца на адным мерыдыяне з Хельсінкамі, Талінам, Рыгай ды Каўнасам на поўначы? А на поўдзень са Львовам ды гарадамі былога Галіцка-Валынскага княства.

 

Нават калі казаць пра гістарычныя сувязі старога Горадзена ў часы Кіеўскай Русі, дык Валынь бліжэйшая да нас чым, скажам, Полаччына. Напрыклад, бліжэй ад нашай Каложы знаходзіцца не Спасаеўфрасінеўская царква ў Полацку (380 км па прамой), а Уладзімірскі храм у Ноўгарадзе-Валынскім (усяго 320 км) – невялікім гарадку на мяжы Польшчы і Украіны, які ў ХІІІ ст. быў сталіцай Галіцка-Валынскага княства. Ды і гісторыю Гродна таго часу мы ведаем пераважна з галіцка-валынскіх летапісаў.

 

Карціна нашага земляка Станіслава Жукоўскага ў львоўскай карціннай галерэі

 

Ва Украіне ёсць на што паглядзець. Толькі заходняя яе частка складаецца з некалькіх рэгіёнаў са сваёй адметнай гісторыяй ды прыродай. Адразу з Берасцейшчыны трапляем на Валынь, пазней у Галічыну, яшчэ далей на поўдзень Букавіна і Бесарабія (большая частка апошняй знаходзіцца ў Малдове), а таксама сухое, з выразным подыхам Чарнага Мора, Падолле.

 

І паўсюль таксама і нашая гісторыя, бо сярод тых, хто вызваляў Падолле ад татараў, б’ючыся на Сініх Водах, большасць складалі выхадцы з беларускіх земляў Вялікага княства Літоўскага. Гродзенскія ды навагрудскія шляхцічы баранілі ад туркаў-асманаў Хоцін (на першым фота ўверсе) ды ўсе паўднёвыя рубяжы Рэчы Паспалітай…

 

Беларускі Пінскдрэў можа быць вельмі патрыятычным, калі толькі захоча

 

Наведаць Украіну варта. Гэта самая блізкая нам у этнічным ды гістарычным сэнсе зямля. Тут жывуць вельмі добрыя ды ўважлівыя да бліжняга людзі. Гэта адна з нешматлікіх краін, дзе беларусы могуць адчуць сябе заможнымі людзмі, таму падарожжа абыдзецца адносна нядорага.

 

Смела выключайце тэлевізар, дзе на расійскіх тэлеканалах расказваюць пра Украіну ўсялякія жахі, ды пераканайцеся на свае вочы, як усё выглядае насамрэч.


Транспарт

 

Выберам першай кропкай нашай вандроўкі Львоў. Адсюль можна будзе скіравацца і далей на поўдзень, на Чарнаўцы і Камянец-Падольскі, і ў Карпаты і далей у Закарпацце, у сонечны вінны край.

 

Калі вы не аматар вандровак аўтаспынам або на прыгарадных дызелях, дык у вас толькі тры варыянты. Першы – аўтобус Брэст–Львоў і наадварот. Аўтобус едзе 9 гадзін праз маляўнічыя абшары, але вы страціце цэлы дзень і нават болей, бо ранкам выехаць з Гродна, каб даехаць да Брэста на момант адыходу аўтобуса на Львоў, вы не паспееце. Таму трэба ехаць з вечара на Брэст. Такім чынам падарожжа расцягваецца на суткі.

 

Па «Залатым коле» Заходняй Украіны

 

Другі варыянт – цягнік Магілёў–Львоў, які ідзе праз Баранавічы. Каля 22-й гадзіны вы сядаеце ў Баранавічах і ў 9 ранку вы ў Львове. З мінусаў тое, што вы мусіце спачатку даехаць да Баранавічаў або да Мінска, таксама трэба заплаціць немалыя грошы – білет у адзін бок каштуе 56 новых беларускіх рублёў, а таксама вы адназначна не выспіцеся, бо сярод ночы вас падымуць памежнікі, каб спраўдзіць пашпарты.

 

Дарэчы не забудзце зрабіць страхоўку свайго здароўя (долар за тыдзень) і абавязкова страхоўку (зялёную карту) для машыны (5 еўра за 15 дзён), калі едзеце самаходам. Іначай будзеце плаціць штраф, калі трапіцеся ўкраінскай паліцыі (ДАІ ўжо няма, але з’явіліся гарадская служба аховы і чыгуначная ахова).

 

Вужгарад – сталіца Закарпацця

 

Трэці варыянт – падарожжа да Львова ўласным самаходам. Для кампаніі з чатырох чалавек гэта досыць танна – шлях у 1100 кіламетраў абыдзецца вам прыкладна ў 100–120 новых беларускіх рублёў – ¼ ад суммы, якую вашая кампанія аддала бы за цягнік. Што тычыцца дарог, то адзіным праблемным участкам з’яўляецца адрэзак ад пагранперахода Олтуш недалёка ад Маларыты (рэкамендуем перасякаць мяжу менавіта там, але лепш не ў выхадны дзень, бо тады на пераходзе збіраюцца машыны беларусаў якія едуць адпачываць на Шацкія вазёры) да Чырвонаграда. Гэта добрыя 150 кіламетраў досыць вузкай і пералатанай, але цалкам прымальнай для падарожжа дарогі. Праз Пружаны – Кобрын – Шацк – Ноўгарад-Валынскі – Чырвонаград вы дабярэцеся да Львова з Гродна гадзін за 9 з перапынкамі на ежу і перасячэнне мяжы.

 

Цягнік са Львова да Чарнаўцоў. Мо такі некалі будзе і ў Гродне

 

Што тычыцца грамадскага транспарту ва Украіне, то лепш ім зашмат не карыстацца. Марштуркі і трамваі як правіла перапоўненыя, аўтобусы і цягнікі вельмі розныя. Часам можна паехаць у падарожжа разам з гусямі ды куранятамі, а часам на сучасным дызельным цягніку са Львова ў Чарнаўцы, які завёз нас на адлегласць 220 км за тры з нечым гадзіны (сайт украінскай чыгункі http://www.uz.gov.ua/). Такі цягнік беларускія чыгуначныя чыноўнікі нядаўна паабяцалі пусціць з Гродна ў Мінск.

 

Будзце ўважлівыя, каб вам хапіла грошай на білет, бо ў выходныя білет на той самы цягнік можа каштаваць прыстойна даражэй, чым у будні дзень. Такая палітыка ўкраінскай чыгункі, каб запоўніць цягнікі ў буднія дні.


Жытло

 

Жытло ва Украіне адносна таннае нават у такіх вялікіх гарадах, як Львоў. Для ягонага замаўлення трэба карыстацца такімі папулярнымі рэсурсамі як airbnb.ru (кватэры) або booking.com (гатэлі). Пры чым трэба не лянавацца пашукаць аптымальны варыянт, бо выбар багаты. Трэба пісаць гаспадарам і ўважліва прыглядацца да здымкаў, якія ўласнікі кватэр збольшага робяць па-майстэрску. У выніку можна за 35 даляраў у суткі зняць апартаменты у 100 квадратных метраў на львоўскім Рынку (тут спакойна можна пасяліцца чалавек шэсць-восем) а можна за 25 даляраў зняць паўдавальнае памяшканне з пахам сырасці з адным вакном над дзвярыма. Там і чатыром асобам цяжка размінуцца. У дадатак ёсць маса хостэлаў.

 

Чарнаўцы – нешта сярэдняе паміж Стамбулам ды нейкім лацінаамерыканскім горадам

 

У Чарнаўцах ды іншых гарадах выбар жытла не такі вялікі, але яно значна таннейшае. 30 долараў у суткі каштуе нумар люкс (плошчай да 40 кв.м) самага дарагога мясцовага гатэлю з балконам ды іншымі выгодамі. Цалкам добры нумар на дваіх можа быць і за 15 долараў.


Ежа

 

Ежа ва Украіне якасная і танная нават для беларусаў. Калі не завітваць у самыя дарагія рэстараны, то моцная вячэра з келіхам віна або куфалем піва наўрадці абыдзецца вам даражэй чым у пяць даляраў з чалавека. І гэта ў самым цэнтры Львова. У сеткавых установах (“Піцца Чэлентана”, “Кава Хаўс”, “Патата Хаўз”) вы паясцё яшчэ танней. Кожны выбірае ўстанову па сваім гусце, тут параіць можна толькі адно – не засіджвайцеся ў адным і тым самым месцы і не пхніцеся туды, куды ідуць усе, шукайце “сваё” месца. У Львове нам вельмі спадабалася ядальня “Белы Леў” на вуліцы Лесі Украінкі ды кавярні ў цэнты за капліцай Бувімаў каля львоўскай каталіцкай катэдры.

 

Злева – тыповы львоўскі ранак. Справа – сярэдні чэк за сняданак для чатырох асоб у самым цэнтры Львова – прыкладна 25 новых беларускіх рублёў

 

Не забывайце таксама пра якія 5% ад сумы для афіцыянтаў. Праўда паглядзіце перад гэтым у рахунак. Некаторыя кавярні пачалі ўстаўляць гэтыя 5-10% у афіцыйную плату. У такім выпадку дадаткова нічога пакідаць не трэба.

 

У Львове маса грузінскіх, армянскіх, узбекскіх, закарпацкіх і іншых пякарняў ды кавярняў



Грошы

 

Усе аплаты ва Украіне адбываюцца ў грыўнях. Тэрміналы для аплаты карткамі накшталт VISA ёсць амаль паўсюль, але перад вячэрай у кавярні лепш запытаць, ці тэрмінал функцыянуе. Курс грыўні да даляра – каля 25 да 1. Мяняць грошы лепш у абменніках падалей ад вакзала, там курс найменьш выгадны. Дзіўна, але ў цэнтрах гарадоў – напоўненых замежнымі турыстамі, курс у абменніках найлепшы. Канкурэнцыя?

 

Таксама трэба звяртаць увагу на грыўні. Справа ў тым, што пасля захопу сепаратыстамі ўсходніх абласцей банкі атрымалі заданне сапсаваць запасы наяўных грошай, каб яны не трапілі ў рукі бандытам. Работнікі банкаў найчасцей палівалі грыўні зялёнкай ці чарнілам, таму выпэцканыя па краі сінім або зялёным грыўні лічацца неспраўднымі, бо прывезеныя сепаратыстамі. Мы такіх грошай не сустракалі, але трэба быць уважлівымі. Новыя беларускія грошы на поўдзень ад Валынскай вобласці ўкраінцам невядомыя.

 

Экскурсіі

 

Калі вы стаміліся ад вялікага горада (напрыклад Львова ці Чарнаўцоў) і не хочаце мучыць сябе сядзеннем за рулём аўтамабіля, дык замаўляйце экскурсію на дзень–два. Машыну можна пакінуць на платнай стаянцы, толькі трэба пашукаць танней, бо адна каштуе даляр за суткі а другая (далей ад цэнтра) 5 даляраў. Экскурсію можна замовіць на мностве спецыялізаваных сайтаў, а можна ў турфірмах на львоўскім рынку.

 

Драўлянае аздабленне царквы

 

Абавязкова трэба наведаць Жоўкву і Крэхіўскі манастыр (30 км ад Львова, каля 200 грн з чалавека), і залатую падкову Львоўшчыны (Алескі, Підгорацкі і Злочаўскі замкі, 250 грн за чалавека). Можна паехаць у Пачаеўскую лаўру за 100 км ад Львова, якая, дарэчы, належыць Маскоўскаму патрыярхату (гэта ў тэму злосных уніятаў, якія быццам выгналі з Галічыны ўсіх праваслаўных). З Чарнаўцоў рэгулярна ездзяць экскурсіі ў Камянец-Падольскі ды Хоцін. З іншага боку калі вы валодаеце гістарычнай інфармацыяй і не жадаеце тусавацца з гідам, дык вам няцяжка будзе знайсці кіроўцу з машынай, які за якія 400 грывен пракаціць усю вашу кампанію па гэтых мясцінах.

 

Надвор’е

 

Мы ўжо напісалі ў пачатку, што Україна – гэта цэлы кантынент. І гістарычныя рэгіёны моцна адрозніваюцца кліматам нават калі знаходзяцца ўсяго за паўсотні кіламетраў адзін ад другога. У Хоціне на Днястры 36 градусаў вышэй нуля і трава ўжо спаленая сонцам у сярэдзіне ліпеня, у Камянцы-Падольскім 33 градусы, навокал суш, у Чарнаўцах 30 і буяе зелень, у Львове +28 і традыцыйна хаця б раз на два дні выпадае моцны дождж (Карпаты не прапускаюць хмары далей на поўдзень, таму ў Галічыне часта даджыць, але пачварнай гродзенскай вільготнасці не адчуваеш).

 

На Валыні надвор’е традыцыйна вельмі падобнае да надвор’я Берасцейшчыны. Таму рыхтуючыся да экскурсіі трэба быць асцярожным, мець ваду і галаўныя ўборы, бо можаце трапіць у пекла і адчуць сябе сапраўдным наваградскім шляхцічам, якога туркі абклалі ў Хоцінскай крэпасці і мораць смагай. Дарэчы пад час вяртання ў Гродна мы звярнулі ўвагу, што надвор’е рэзка змянілася ў раёне Пружанаў – стала вільготна, пайшоў дождж. І такая карціна амаль цэлае лета гэтага года! Цікава, бо менавіта тут праходзіла мяжа гістарычнай Літвы. Тут Балтыка перамагае Чорнае мора?! Тады Вялікае княства Літоўскае ў пачатковых межах варта было б называць не Краінай Лесу, а Краінай Вечнага Дажджу!

 

Усё іншае

 

Ва Украіне вы можаце карыстацца абсалютна любой мовай, галоўнае, каб вас зразумелі. Можаце гаварыць і па-расійску, ніхто не кінецца на вас з сякерай і не будзе падкаравульваць за вуглом, хіба вы толькі начэпіце майку з Пуціным і сцягамі Новаросіі. Лепш, канешне, гаварыць па-беларуску. Пару гадоў таму ўкраінцы, калі чулі беларускую мову, кідаліся ледзь не з абдымкамі. Цяпер стаўленне да беларускамоўных больш спакойнае. Мабыць даецца ў знакі некаторая стомленасць ад турыстаў у Львове ды і беларускамоўныя ўжо не з’яўляюцца рэдкасцю. Менск, у адрозненне ад Гродна, даўно “акучвае” Львоў. Самому даводзілася некалькі разоў бачыць маладзёнаў у саколках-вышымайках ад Марк Фармэля ці нават з Пагоняй. Адно, што гаварылі яны па-расійску.

 

Рэшткі аўстрыйскай рэкламы на будынку ў Чарнаўцах

 

Не трэба забываць, што Україна знаходзіцца на вайне. Гэта амаль не адчуваецца на захадзе рэспублікі. Толькі вайскоўцы апранулі больш сучасны камуфляж і іх стала больш. Яны, натуральна, без зброі, але падцягнутыя, акуратныя і робяць добрае ўражанне. Затое маюць зброю чыгуначныя ахоўнікі, пры чым у Чарнаўцах у іх з кабураў выглядалі старадаўнія рэвальверы Нагана часоў Першай сусветнай вайны. Таму не варта раскідвацца дэбільнымі жартамі наконт бомбы ў заплечніку і трэба падпарадкоўвацца ўсім законным патрабаванням ахоўнікаў правапарадку. Пры тым і паліцыі і іншых службаў няшмат, яны не кідаюцца ў вочы і вядуць сябе падкрэслена ветліва.

 

Набыццё сувеніраў ды падарункаў традыцыйна зводзіцца да наведвання шматлікіх крамаў з сувенірамі, ды разнастайных шакаладняў і мануфактураў кавы. Цікава было назіраць за маладымі палякамі, якія выбіралі сабе шапкі з сімволікай УПА (Украінскай Паўстанцкай Арміі, якая паміж іншымі змагалася і з Арміяй Краёвай). Мы б таксама параілі не набываць сувеніры ў цэнтры, надта ж там цяпер усё стала аднастайна. Можна таксама выбраць нешта больш арыгінальнае, чым значкі з Бандэрам. Напрыклад, у спецыялізаваных крамах прадаецца шмат таннага віна з ваколіц Адэсы, або ёсць накалькі крамаў сеткі “Экалаўка” з таннай але вельмі якаснай украінскай касметыкай.