На Будзёнага знясуць краму, каб на яе месцы пабудаваць пяціпавярховік
Будынак па вуліцы Будзёнага, 28 быў пабудаваны ў пачатку 1950-х як склад для першай гарадзенскай маслабазы. Апошнім часам ён выкарыстоўваўся рознымі арганізацыямі, у тым ліку ў якасці крамы.
Па праекце, які будуць рэалізоўваць каля года, будаўнікі павінны узнесці тут пяціпавярховы жылы дом з офісамі. Работай займаецца брэсцкая фірма.
“Агарадзілі тэрыторыю, чакаем загаду зверху і будзем зносіць. Пакуль быў час, то прайшліся і паглядзелі будынак – нічога каштоўнага не знайшлі”, – распавёў майстар аб’екта. Адно, электрык заўважыў на цэгле кляймо 1950-х гадоў. Такая цэгла часта сустракаецца ў пасляваенным Гродне.
Гісторык Андрэй Вашкевіч лічыць, што савецкi будынак меў значэнне, калі знаходзіўся ў той забудове вуліцы, якая існавала да сярэдзіны 2000-х. Зараз знос нічога не зменіць, бо па суседстве і так з большага ўсё знішчылі.