У “Нёмана” баявая нічыя з “Віцебскам”

|

Гарадзенцы пачалі актыўна і ўжо на 9-й хвіліне пасля працяглай атакі Артур Бомбель з дабівання адкрыў лік.

 

 

Бліжэй да сярэдзіны тайма жоўта-зялёныя аселі ў сваёй штрафной і далі магчымасць “Віцебску” ўсё часцей набліжацца да варот Курганскага. Такія дзеянні каманды Ігара Кавалевіча прывялі да прапушчанага голу на 35-й хвіліне. Пасля падачы вуглавога Лебедзеў спакойна прабіў галавой і зраўняў лік.

 

 

Адразу пасля перапынку Кавалевіч нечакана для ўсіх замест актыўнага Васькова выпусціў Яроцкага. А праз некалькі хвілін і Лешка выйшаў замест Рудзіка. Але гульня ў параўнанні з першым таймам не моцна змянілася.

 

У складзе “Віцебска” актыўнічалі былыя гульцы “Нёмана” – Лісіца, Салавей і Вяргейчык.

 

На 63-й хвіліне ад другога прапушчанага гола “Нёман” выратавала крыжавiна.

 

Апошнія 10 хвілін да канца асноўнага часу гарадзенцы кінулі ўсе сілы, каб забіць гол і вывезці ў Гродна тры ачкі. На 86-й хвіліне Павел Савіцкі меў выдатны шанец, але ўдар паўабаронцы прыйшоўся ў галкіпера гаспадароў. Гэта і быў апошні небяспечны момант у матчы. У выніку суддзя зафіксаваў нічыю. Натуральна, каманды незадаволеныя вынікам, але ўсё-такі лік па гульні.

 

18 тур. “Віцебск” – “Нёман” (Гродна) – 1:1