Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

Мама дапамагла


Малым Аляксей не ўсведамляў сваю адметнасць – проста рабіў усё так, як было больш зручна. Пачаў заўважаць, што людзі вакол робяць пэўныя рэчы па-іншаму гадоў у пяць. Перавучваць яго ні ў сям’і, ні ў школе не сталі. Мама Аляксея таксама ляўша і добра памятала пра дзіцячы досвед такога перавучвання. З яе спрабавалі зрабіць праўшу – надзявалі на левую руку рукавіцу, каб вымусіць карысталася правай, ды сварыліся, калі не хацела падпарадкоўваццца. Таму сыну проста дазволілі быць такім як ёсць. “Я ўсё раблю левай рукой – ем, пішу, па мячу б’ю левай нагой – мне так зручна”, – кажа Аляксей.

 

 

А тата падставіўся


У сям’і на леварукасці дзіцяці не акцэнтавалі ўвагі. “Паплаціцца” за бяспеку прыйшлося тату. Любімым кінагероем дзяцінства ў Аляксея, як і ў мноства равеснікаў, быў  Робакоп. “Пасля фільмаў заўсёды стараўся паўтараць за ім “прыёмчыкі”. Аднаго разу тата вырашыў пагуляць з сынам і прапанаваў сябе ў спарынг-партнёры. Стаў у пазіцыю, як звычайна, прыгатаваўся абараняцца… і ў выніку “злавіў” неспадзяваны ўдар у сківіцу з левай. “Добра, што я тады быў малы і не надта дужы, – смяецца Аляксей, – але тату спадабалася.”

 

 

Па жыцці гэта дапамагае


Такія “нечаканыя” рэакцыі робяць леварукіх вельмі каштоўнымі гульцамі, напрыклад, у камандных відах спорту. “Нават калі людзі ведаюць, што ты – ляўша, рэагуюць па-большасці стандартна, у разліку на такіх, як самі”. Дзеянні ляўшы выклікаюць замяшальніцтва суперніка і дазваляюць павярнуць сітуацыю сабе на карысць. Прыкладна, як з татам: “Ён жа ведаў, а што я ляўша, але на практыцы аказаўся да таго не гатовым”.

 

 

Паводле Аляксея, па жыцці “леварукасць” часцей дапамагае, чым стварае нязручнасці. “Калі дзейнічаеш неардынарна, гэта вылучае з натоўпу. А яшчэ – вучыць пераадольваць цяжкасці і лягчэй знаходзіць выхады ў надзвычайных абставінах”.

 

Пад час навучання ў інстытуце і пасля, ужо на службе, яго “альтэрнатыўная” ацэнка сітуаціі часта ішла на карысць агульнай справе. “Ляўшы мысляць нестандартна, бачаць рэчы з іншага пункту гледжання, у іх па-іншаму загружаны мозг. Таму бывае, што прапановы леварукіх дазваляюць выканаць пэўную задачу хутчэй ці з меншымі затратамі”, – распавядае ён.

 

Не было б шчасця, калі б не няшчасце

 

Зараз Аляксей аднолькава паспяхова карыстаецца абедзьвума рукамі. Стаць праўшой на час прымусіла спартыўная траўма – аднаго разу на спаборніцтвах зламаў левую руку. “Напачатку было вельмі непрывычна карыстацца правай і рабіць самыя простыя рэчы – трымаць лыжку ці адкрываць дзверы – раптам стала  нязручна”. Але праз месяц ужо мог рабіць усё не задумваючыся. “Толькі пісаць правай так і не навучыўся. Не мог сабе адмовіць у магчымасці пафілоніць на школьных уроках”, – прызнаецца Аляксей.

 

У надзвычайных абставінах


Абсталяванне, з каторым працуюць пажарныя, зроблена такім чынам, што ім могуць карыстацца як праварукія, так і леварукія. Таму гэта не стварае ніякіх нязручнасцяў. 

 

 

Трохі больш складана было за зброяй – тут уніфікацыі няма. Але і страляе Аляксей таксама з левай: “Не так ужо і цяжка прызвычаіцца да “правага” прыцэла”. Ёсць, праўда, некаторыя практыкаванні, каторыя трэба выконваць ў складзе звяна – бегчы па сходах, ці ўсталёўваць лесвіцу ў вакно. Трэба, каб усе размяшчаліся з правага боку ад абсталявання і таму працаваць таксама прыходзіцца правай. Але ў такіх выпадках, на думку Аляксея, важна адразу вучыцца выконваць так, як трэба. “Калі не ўмеў нешта рабіць, то няма розніцы, якой рукой вучыцца. Як пачнеш ад пачатку, так і будзеш рабіць – калектыву ляўша не памеха”.

 

 

 

Насамрэч – не


Што да цяжкасцяў, якія стварае ляўшам праварукае асяроддзе, Аляксей на іх не зважае: “Можа, праўшы і думаюць, што ўвесь свет створаны для іх. Але насамрэч – не.” З гадамі ў яго напрацаваліся пэўныя правілы, што дазваляюць камфортна суіснаваць з праварукімі. Напрыклад, у “шчыльным” застоллі выбіраць места з левага краю, каб не штурхаць суседа пад локаць, а на камп’ютары замест “выключна правай” мышкі карыстацца ўніверсальным тачпадам. Што да гадзінніка на правай руцэ, то зараз так носяць і многія праўшы, гэта стала амаль модай, а пісаць, на размазваючы тэкст, прывучыўся яшчэ ад малога “Атрымліваецца разборліва і нават прыгожа – на нечытальнасць ніхто не скардзіцца”.

 


Здымкі аўтаркі