“У дзяцінстве падаваў мячы Сасноўскаму і Кавалёнку, а цяпер гуляем у адной камандзе”. Яраслаў Яроцкі пра вяртанне ў Гродна

|

Зараз Яраславу 20 гадоў, і ў яго яшчэ ўсё наперадзе. Вяртанне ў Гродна футбаліст звязвае з крокам наперад. Справа ў тым, што ў гульца апошнім часам было мала гульнявой практыкі ў “Дынама-Мінск”, і пасля размовы з агентам і кіраўніцтвам сталічнай каманды было вырашана аддаць Яраслава ў арэнду.


“Пачалося ўсё ў Гродне ў трэнера Руслана Cакуты каля 18 школы. Потым трапіў у “Нёман” малодшых узростаў, гуляў на ліцэнзаванні. Тады ж запрасілі ў юнацкую зборную Беларусі. І вось у адным з матчаў з мінскай камандай мяне заўважылі і запрасілі прадстаўнікі “Дынама” на гутарку. Спачатку я не надаў той размове значэння, але потым трэнер мінчан выйшаў на майго бацьку і ў выніку я паехаў са сталічнай камандай на зборы ва Украіну. А ўжо па прыездзе перабраўся ў мінскую каманду”, – распавядае Яраслаў.

 

Яраслаў на старонках гарадзенскіх газет – малады і перспектыўны футбаліст

 

Праз гады пасля юніёрскага “Дынама” гарадзенец перабраўся ў дублюючы склад мінскай каманды. З прыходам галандскага спецыяліста Роберта Масканта на пасаду галоўнага трэнера, Яроцкага запрасілі ў асноўны склад.

 

Ужо ў 18 гадоў гарадзенец трэніраваўся разам з вопытнымі хлопцамі, але гуляў за аснову мала. Пасля ў “Дынама” пачаліся змены трэнераў і розныя перастаноўкі. Ужо тады Яраславу здавалася, што пакуль ён малады, то трэба адпраўляцца куды-небудзь у арэнду. Была магчымасць пагуляць у “Нёмане” пры Саладоўнікаву, але пайшлі розныя размовы: маўляў, футбаліст гарадзенскі, але падпісаў першы кантракт з “Дынама”. У выніку Яраслаў застаўся ў Мiнску і нават паспеў пагуляць у Лізе Еўропы.

 

Яраслаў на стадыёне 18-й школы, дзе калісьці пачынаў шлях футбаліста


“У гэтым сезоне я пачынаў гуляць у “Дынама-Мінск”. Не мне ацэньваць маю гульню, але ўсё ж гуляў. Ужо пасля мяне сталі пакідаць на лаўцы запасных і выпускаць на 10 хвілін. А ў канцы першага круга наогул не выпускалі гульні чатыры. Тады я вырашыў патэлефанаваць агенту і патлумачыць сітуацыю: хачу гуляць. У выніку ў клубе далі дабро на маю арэнду. Быў выбар паміж Брэстам і Гродна, але я аддаў перавагу роднаму гораду, бо там мае бацькі і сябры. Ігар Кавалевіч узяў мяне ў “Нёман”, чаму я рады”, – кажа футбаліст.

 

Калі Яраслаў быў яшчэ дзіцем, ён заўсёды марыў гуляць на гарадзенскім стадыёне. Ён памятае часы, калі падаваў мячы на гульнях Сасноўскаму і Кавалёнку, а цяпер з гэтымі футбалістамі ён гуляе за адну каманду.


“У “Нёмане” прынялі добра. Многіх ведаў, бо разам выступаем у моладзевай зборнай. Што тычыцца дэбюту, то ён атрымаўся і я гэтаму вельмі рады. Было прыемна забіць гол у першым жа матчы за “Нёман”. Менавіта на тым стадыёне, дзе марыў у дзяцінстве гуляць”.


Яраслаў пасля гола ў вароты “Крумкачоў”

 

Яраслаў адзначыў, што Гродна трохі змяніўся за час, які ён адсутнічаў. Раней ён мог прыехаць толькі 2-3 разы на год і пабачыцца з бацькамі. Цяпер жа часу на гэта ў яго значна больш.

 

Што тычыцца будучыні, то ў маладога гарадзенца пакуль яшчэ нічога не вядома. Да канца сезона ён будзе выступаць за гарадзенскую каманду, а там, магчыма, вернецца ў “Дынама”. Але ў Яраслава ёсць мара – паехаць куды-небудзь у Еўропу, у добры клуб. Каб такія жаданні выконваліся, малады футбаліст старанна працуе над сабой і не звяртае ўвагу ні на што.