Гарадзенцам прапануюць з’ездзіць з “Варварамі” ў Калінінград. А на зваротным шляху – на мора

|

У каманды чарговы выезд і чарговая праблема са складам. На вырашальны матч за выхад у фінал паедзе ўсяго 12 чалавек. Але “Варвары” не збіраюцца здавацца без бою.


“Выяздныя гульні з праездам праз мяжу заўсёды спалучаныя з праблемамі ў складзе. У кагосьці праблемы з візай, хтосьці не выяздны з-за працы, трэба дадаць да гэтага траўмы за ўвесь сезон. Вось і атрымліваецца не вельмі радасная карціна. Заўзятарам мы заўсёды прапануем паехаць з намі, проста звычайна няма такой колькасці свабодных месцаў, а тыя, што ёсць, запаўняюцца сябрамі і сваякамі.


Гэтым разам у нас больш за 20 вольных месцаў у аўтобусе. Запрашаем з сабой жадаючых наведаць Калінінград, а на зваротным шляху мора. Гэта хоць крыху здыме фінансавую нагрузку з нашых гульцоў”, – распавёў галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў.

 

Кошт паездкі туды і назад складзе 25 рублёў, выезд з Гродна 20 жніўня ў 00.01. Назад у Гродна аўтобус плануе вярнуцца ўжо 21 жніўня. У Калінінградзе каманда плануе быць 8-9 гадзін. Той хто плануе паехаць, павінен мець шэнгенскую візу.

 

Па ўсіх пытаннях трэба звяртацца ў групу ў ВК.