Лідар гурта Dzieciuki: “Мы з Міхалком ляцім у адной эскадрыллі, на суседніх знішчальніках”
Са школьнага настаўніка – у панкі
– Як з’явіліся Dzieciuki?
– Звычайна ў такіх выпадках кажуць: “зоркі сышліся”. Дзяніс Жыгавец прынёс свае тэксты. Знайсці музыкаў было не складана: мы ўсе былі ўжо знаёмыя. Канцэпцыя была ў тым, каб бадзёра і весела папулярызаваць беларускую гісторыю, але не тую, якую распавядаюць нам афіцыйныя ідэолагі.
– Ты ж сам 10 гадоў адпрацаваў у школе настаўнікам гісторыі – і раптам панк -рок…
– Мандражу перад працай у школе ў мяне не было ніколі – хоць адразу ж далі класнае кіраўніцтва над 10-м класам. Было складана – клас хуліганскі, а я старэйшы за падапечных усяго на пяць гадоў. У школе нельга проста чытаць свой прадмет. Настаўнік павінен навучыць дзяцей агульначалавечым каштоўнасцям, знайсці да іх такі падыход, каб яны не баяліся раіцца, давяралі. Я бачыў у гэтым сваю місію, і ў мяне атрымлівалася… Але папяровая праца мяне задушыла. Ну, і зарплата, што ўжо хаваць… Я пайшоў, але школа застанецца дарагім мне месцам на ўсё жыццё. Я сябе там як рыба ў вадзе адчуваю. Усе гэтыя крыкі і летаніна дзяцей па калідорах – гэта мая атмасфера.
Трэцяе кола адраджэння. Сяргей Будкін пра гурт Dzieciuki і іх новы альбом
– Ты ж спрабаваў сябе яшчэ і ў якасці аператара?
– Так, я здымаю відэа. І час ад часу пішу ў сваім блогу на гарадзенскім навінавым портале.
– Dzieciuki прыносяць грошы?
– У апошні час ужо прыносяць, але ж і выдаткі выраслі. На запіс другога альбома мы патрацілі ўжо значна больш грошай. Вырашылі самі яго выпускаць, не прадаваць правы. Мы выйшлі на ўзровень, калі музыкай можам акупаць запіс і набыццё інструментаў. Большая частка канцэртаў праходзіць у Польшчы. Былі мы на гастролях у Германіі, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі – усё гэта канцэрты за грошы.
73 хвіліны драйву: глядзіце поўнае відэа з канцэрта гурта Dzieciuki ў Беластоку
У Польшчы мы ўжо даволі папулярны гурт, можна сказаць, мы там свае. У нас з’явіліся сяброўскія клубы, дзе нам заўсёды рады. У астатніх краінах групу пакуль ведаюць менш. Але там даволі шмат публікі прыходзіць канкрэтна на фолк-панк, ён у іх папулярны.
Dzueciuki і Brutto на сумесным канцэрце. Фота: Kuzas
З жонкай абмяркоўваем маіх прыхільніц
– Цікава, як твая Наташа ставіцца да вашых гастроляў, няпроста ёй быць жонкай рок-музыкі?
– Я страшны бабнік. Асабліва закіпае кроў вясной, калі дзяўчаты перастаюць хутацца ў вопратку, апранаюць кароткія спаднічкі і сукенкі з дэкальтэ. Але ёсць жа ў мяне і маральныя прынцыпы! Я не здраджваю. Таму жонка не зайздросціць. Мы перыядычна бярэм свае палоўкі з сабой на гастролі. На “Басовішча” ездзілі цэлымі сямействамі. Часцяком так збіраемся: здымаем два-тры бусы, і цыганскім табарам едзем за мяжу.
– А жонка наогул у курсе, што ты бабнік?
– Так, вядома. Мы з ёй можам спакойна абмяркоўваць прыхільніц, якія мяне атачаюць. Але хіба гэта нагода для рэўнасці?!
Група перасякае мяжу. Злева направа: гітарыст Аляксей Пудзін, вакаліст Аляксандр Дзянісаў, прадзюсар Яўген Новаш. Фота: асабісты архіў
– Можа, жонка гэтак жа смела і мужчын, якія ёй падабаюцца, з табой абмяркоўвае?
– Не. Можа, таму што Наташа больш мудры чалавек? Мы пазнаёміліся ў школе, яна таксама была настаўнікам гісторыі. Наогул, жонка заўсёды слухала рок-музыку, але я не выбіраў яе па прынцыпе “я беларускамоўный хлопец, мне патрэбна беларускамоўная дзяўчына” або “я металюга – мне патрэбна металюжка”. Сямейнае жыццё – трохі іншае. З аднадумцамі можна тусавацца на канцэртах, а жонка зусім не абавязкова павінна падзяляць твае густы. Але мы за 14 гадоў, што разам, неяк прыцерліся ўжо, добра ведаем адзін аднаго. Яна ніколі не пілавала мяне за грошы, хоць жывем мы зусім небагата. Наташа разумее, што рок-музыка – маё жыццё і самарэалізацыя. Гэтак жа, як мая мама і дачка.
– Кім збіраецца стаць дачка?
– Даша будзе паступаць у Гродзенскі музычны каледж па класе фартэпіяна. Я ўжо лічу яе нават большым музыкам, чым я сам. Мой прыяцель Дзіма “Габа” неяк сказаў, што прафесійны музыкант павінен граць не менш за 4-5 гадзін у дзень. Дык вось, дачка значна больш займаецца за піяніна, чым я за гітарай. Нават калі яна, калі стане дарослай, вырашыць граць на органе ў касцёле ці выкладаць музыку – ну што ж, і супер! А можа, вырашыць граць у якой-небудзь групе. Нават калі мне не будзе падабацца гэта па стылі, я ўсё роўна буду яе падтрымліваць.
Міхалок нас слухае і любіць
– Вы нярэдка выступаеце ў адным канцэрце з Brutto Сяргея Міхалка. Як вы пазнаёміліся?
– Міхалок прыязджаў у Гродна яшчэ ў складзе “Ляпісаў”, і я ўзяў у яго інтэрв’ю. Я крыху хваляваўся, але інтэрв’ю атрымалася цікавае. Сярожа казаў добрыя рэчы. А па-сапраўднаму мы пазнаёміліся ў Беластоку, на агульным канцэрце Brutto і Dzieciuki. Міхалок вельмі спецыфічны чалавек, ён можа казаць вясёлыя рэчы з цалкам непранікальным тварам, і незразумела – жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна. Напэўна, камусьці будзе не па сабе, але ў мяне ёсць яшчэ пару такіх жа сяброў, мне гэта падабаецца. Міхалок прыйшоў зараз да музыкі, якую заўсёды хацеў рабіць. Працуе ад душы, і я яму веру. А цяпер, як мне бачыцца, мы ляцім у адной эскадрыллі, у суседніх знішчальніках.
Аляксандр Дзянісаў і Сяргей Міхалок пасля канцэрта. Фота: асабісты архіў
– І ўсё ж, як вы пачалі выступаць разам з Brutto?
– Аказалася, што Міхалок нас слухае і любіць. Чаму б не пасябраваць і не граць час ад часу разам? Зразумела, што мы адрозніваемся і ў музычным плане, і ў тэкставым – але ж робім адну справу. Людзям трэба казаць пра простыя рэчы: сумленне, гонар, праўду, любоў, свабоду.
Гурт Dzieciuki прэзентаваў у сеціве альбом “Рэха” (праслухаць і спампаваць)
***
У польскім Вроцлаве 17 верасня адбудзецца сумесны канцэрт “Brutto & Ляпіс” і Dzieciuki. Для ўсіх жадаючых паехаць на канцэрт з Беларусі віза бясплатна.
А 18 верасня Міхалок выступіць з праграмай “Ляпіс-98” у Празе і выканае свае старыя добрыя хіты.
Квіткі ўжо ў продажы – і адзін, і другі канцэрт па 55 руб. Ехаць на канцэрт можна самастойна альбо арганізаваным аўтобусным турам, у час якога прадугледжана таксама турыстычная культурная праграма. Падрабязнасці на muztur.by