“Як верыць такім камісіям?” На Гарадзеншчыне суды скасавалі рашэнні выбаркамаў аб нерэгістрацыі кандыдатаў
У Гарадзенскім абласным судзе ўжо разгледжаныя пяць скаргаў на адмовы выбарчых камісіяў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
У трох выпадках адмовілі ў рэгістрацыі на той падставе, што здадзеныя ў камісію копіі працоўных кніжак не былі завераныя па месцы працы або натарыяльна.
Аднак суд у гэтых выпадках прызнаў, што Гарадзенская абласная выбарчая камісія адмовіла прэтэндэнтам неправамерна. Суд прызнаў іхнія скаргі абгрунтаванымі і абавязаў выбарчыя камісіі зарэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты.
Актывіст руху “Гавары праўду” Сяргей Мякека (вылучаецца па Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе №52) кажа, што быў уражаны адмовай у рэгістрацыі.
— У законе чорным па белым напісана, што кандыдат у дэпутаты, падаючы дакументы ў камісію, не павінен іх завяраць. А 13 сябраў камісіі галасуюць супраць закону, бо такую прапанову ўнёс старшыня камісіі. Я вось гэтым самым звяртаю ўвагу на тое, хто ўваходзіць у склад камісіяў. Нам казалі, што гэта вопытныя людзі, з досведам, самыя лепшыя. Але яны элементарна не ведаюць выбарчага заканадаўства — тут паўстае вялікае пытанне да сябраў і акруговых, і абласной камісіі, бо відавочная іх поўная некампетэнтнасць.
Антон Вайцехаў, актывіст незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, вылучаны партыяй АГП па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №56, сёння накіраваўся ў Дзятлава. Там ужо атрымалі рашэнне суду, і Вайцехаў кажа, што ўсе забегалі, бо яго не ўключылі ў спіс для выступу на тэлебачанні і радыё, а цяпер тэлефануюць і не ведаюць, што рабіць.
— Па сутнасці, яны затрымалі маю выбарчую кампанію на дзесяць дзён, а я за гэты час мог бы шмат зрабіць. І я цяпер не ведаю, як гэта расцэньваць, бо прычыны банальныя — сябры камісіі, відавочна, не чыталі выбарчага заканадаўства, дзе ўсё вельмі дакладна напісана. Але самае жахлівае, калі я падаваў скаргу, сябры камісіі смяяліся з мяне, сядзелі і гулялі ў тэлефон. Калі я зрабіў ім заўвагу, то мяне папросту абразілі.
Скаргу незалежнага кандыдата Максіма Штэйнвальда, які балатуецца па Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №51, абласны суд задаволіў сёння. Штэйнвальд кажа, што ўсе подпісы сабраў самастойна і адчуў, што людзі яму давяраюць, а таму і вырашыў ісці да канца. Ён таксама абураны стаўленнем сябраў акруговай камісіі да яго.
— У акруговай камісіі 13 сябраў, у абласной яшчэ столькі ж, але людзі падымаюць аднагалосна рукі, не задаючы нават ніякіх пытанняў. Як так можа быць? Яны сядзяць там, каб найперш дапамагаць прэтэндэнтам у кандыдаты, а не проста казаць, што я сфальсіфікаваў дакументы, бо падаў незавераную копію працоўнай кніжкі. Я буду працягваць кампанію, мне здаецца, што пасля рашэння суду сілаў у мяне дадалося і я здолею яшчэ сябе паказаць.
Назіральнік ад БХК Раман Юргель, які прысутнічаў на судах, кажа, што рашэнні нечаканыя. Паводле ягонага досведу, раней у судах нечага падобнага не назіралася. Але ён кажа, што варта найперш звярнуць увагу на камісіі, якія беспадстаўна прымаюць рашэнні аб нерэгістрацыі таго ці іншага кандыдата.
— Мне цяпер нават цяжка нешта думаць пра гэтыя камісіі. Калі казаць пра звычайную некампетэнтнасць — то там жа лепшыя, з досведам, правераныя… З іншага боку, гэта можна назваць і фальсіфікацыяй, бо ў законе запісана адно, а сябры камісій аднагалосна прымаюць антызаконнае рашэнне. Уявіце сабе, што разглядаецца трэцяя справа ў судзе, а намеснік старшыні абласной камісіі зноў кажа суду, што падтрымлівае рашэнне акруговай камісіі аб нерэгістрацыі. Як гэта разумець? Гэта ж на такім узроўні. А што будзе пры падліку галасоў? Як верыць такім камісіям?