У Гродна з дапамогай краўдфандынгу плануюць зладзіць першае свята беларускай моды

|

На пачатак 2016 года ў Гродне жыве больш за 1200 дзяцей з інваліднасцю. Каля 20% з іх – цяжка і невылечна хворыя. Адна з праблем – сацыялізацыя такіх дзяцей, стварэнне ўмоваў для развіцця іх талентаў і недахоп месцаў, дзе можна дэманстраваць іх здольнасці і талент грамадству. Гэтыя праблемы хоча вырашаць Гродзенскі дзіцячы хоспіс праз праект па стварэнні калекцыі адзення.

 

 

Першае свята беларускай моды “Святаяннік” – гэта праект фарміравання талерантных паводзін у грамадстве і раўнапраўнага стаўлення да дзяцей з цяжкай формай інваліднасці. Да таго ж, ён папулярызуе беларускую культуру.

 

 

На ўсю працу – распрацоўку калекцыі, закупку матэрыялаў, пашыў адзення і стварэнне аксесуараў – патрэбна 2 240 рублёў. Арганізатары будуць удзячныя таксама за добрыя парады, тканіны ці скуру або дапамогу працай.

 

Ахвяраваць грошы можна праз краўдфандынгавую платформу Ulej. Тыя, хто не пашкадуе 150 рублёў, змогуць атрымаць індывідуальна пашытую мадэль вопраткі.

 

 

Створаную калекцыю пакажуць на дабрачынным мерапрыемстве – грандыёзным шоў з удзелам дзяцей і мам, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса. Цёплую атмасферу будуць ствараць некалькі запрошаных беларускіх гуртоў. Падзея пакажа, што дабрачыннасць можа быць рознай: кранальнай, яскравай, запамінальнай. І кожны мае магчымасць дапамагчы.